У Віцебску адкрыўся Цэнтр прыёму і перадачы інфармацыі ад асоб з парушэннямі слыху ў экстранныя службы
З'яўленне такога цэнтра значна палягчае жыццё інвалідаў.
– Раней чалавеку з парушэннем слыху, каб, напрыклад, выклікаць хуткую дапамогу, узяць талон у паліклініку, паклікаць сантэхніка, патрабавалася звяртацца да нас ці ж да суседзяў, – кажа старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «БелОГ» Лідзія Сакалоўская. – Прычым калі праблемы са здароўем здараліся ўночы, то дапамогі медыкаў можна было дачакацца толькі на досвітку. Цяпер інвалід па слыху ў любы момант можа звязацца па скайпе з супрацоўнікам Цэнтра экстраннай дапамогі. Наш перакладчык мовы жэстаў аператыўна перадасць зварот у адпаведныя службы для максімальна хуткага вырашэння пытання. Галоўная ўмова для экстраннай дапамогі – наяўнасць у звярнуўшагася добрага мабільнага тэлефона, планшэта або камп'ютара, каб па відэасувязі быў магчымы дыялог.
Па словах суразмоўніцы, у цэнтры працуюць 4 допытныя перакладчыкі мовы жэстаў (3 жанчыны і мужчына) па 12-гадзінным графіку.
Таксама пры вырашэнні нескладаных бытавых пытанняў, дзе не абавязкова прысутнасць сурдаперакладчыка, супрацоўнікі цэнтра гатовыя дапамагчы чалавеку з парушэннем слыху (напрыклад, у паліклініцы або краме), калі ён не можа растлумачыцца з навакольнымі. Для гэтага, зноў жа, неабходна мець з сабой смартфон або планшэт з відэасувяззю.
Звязацца са спецыялістамі Цэнтра прыёму і перадачы інфармацыі ад асоб з парушэннямі слыху ў экстранныя службы можна па скайпе: 9191-vitebsk, а таксама па тэлефонах: +375212235729 (гарадскі) і +375259191010 (Life).