У Віцебску адзначылі 105-годдзе ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь
У холе ВДУ супрацоўнікі ўнутраных войскаў прадставілі выставу зброі і спецсродкаў, выпрабаваць свае сілы ў стральбе можна было з дапамогай інтэрактыўнага ціра.
З прывітальным словам да віноўнікаў урачыстасці звярнуўся старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Ён адзначыў, што на працягу векавой гісторыі салдаты і афіцэры правапарадку з'яўляюцца надзейным шчытом і мячом дзяржавы, здольныя паставіць надзейны заслон любым праявам беззаконня.
- Унутраныя войскі, створаныя на досвітку савецкай улады, прайшлі годнае жыццё, - падкрэсліў кіраўнік вобласці. - На вашым рахунку нямала залатых старонак, упісаных у гісторыю станаўлення і развіцця службова-баявой дзейнасці. Сёння гэтае падраздзяленне міліцыі па праву з'яўляецца адным з ключавых звёнаў сістэмы МУС, валодае высокім кадравым і тэхнічным патэнцыялам, сур'ёзнымі аператыўнымі магчымасцямі. Супрацоўнікам міліцыі дадзена права дзейнічаць ад імя дзяржавы. Менавіта таму так глыбокая мера вашай сённяшняй адказнасці і настолькі сур'ёзныя патрабаванні да вынікаў вашай службы. Вы абавязаны аператыўна рэагаваць на новыя выклікі сучаснага свету (тэрарызм, наркаманія, гандаль людзьмі, гаспадарская неабачлівасць і прага нажывы). Забяспечыць спакой грамадзян, прадухіліць правапарушэнні - задача складаная, але выканальная. І вы гэта даказваеце штодня. У гэтым пераконвае і мінулае міліцыі, і сучаснасць. Мы неаднаразова пераконваліся ў вашым прафесіяналізме пры правядзенні мерапрыемстваў на тэрыторыі рэспублікі і вобласці з удзелам першых асоб краіны, падчас святкавання міжнародных, рэспубліканскіх, абласных фестываляў, спартыўных спаборніцтваў самага высокага ўзроўню. Няма сумненняў у тым, што словы Доўг, Годнасць, Айчына для кожнага, хто прайшоў і праходзіць службу ва ўнутраных войсках, з'яўляюцца арыенцірам, які вызначае вашы справы і ўчынкі.
Аляксандр Субоцін таксама пажадаў супрацоўнікам унутраных войскаў менш працы.
- Няхай гэта будуць вучэнні, заняткі ў патрыятычных клубах, урачыстыя мерапрыемствы, - падвёў вынік старшыня аблвыканкама.
Словы падзякі ветэранам, якія ў мірны час і гады ваеннага ліхалецця праяўлялі высокі прафесіяналізм і асабістую мужнасць, выказаў камандзір воінскай часці 5524 палкоўнік Аляксей Кулік. Ён таксама падкрэсліў, што за больш чым векавую гісторыю існавання ўнутраныя войскі ператварыліся ў магутнае воінскае фарміраванне, якое выступае гарантам мірнага і спакойнага жыцця Беларусі.
Удзельнікі святочнага мерапрыемства ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання. А затым, як і належыць у святочны дзень, супрацоўнікам унутраных войскаў МУС былі ўручаны нагрудныя знакі адрознівання, пазачарговыя званні, ганаровыя граматы і падзякі.
Свае музычныя віншаванні ўдзельнікам урачыстасці адрасавалі лепшыя творчыя калектывы ВДУ, горада і вобласці.