У Віцебску адзначылі 125-годдзе Міная Шмырэва і паўвекавы юбілей музея ў яго гонар
Нарадзіўся Мінай Шмырэў у вёсцы Пунішча Віцебскага раёна. На яго долю выпаў нялёгкі лёс, ён прайшоў тры войны: Першую сусветную, грамадзянскую і Вялікую Айчынную. За адвагу, праяўленую на руска-германскім фронце, атрымаў найвышэйшую салдацкую ўзнагароду – тры Георгіеўскіх крыжа, стаўшы поўным Георгіеўскім кавалерам. У 1918-м добраахвотна ўступіў у Чырвоную армію, арганізаваў першы ў Віцебскай губерні партызанскі атрад, дасягнуў нямалых поспехаў у барацьбе з бандытызмам, за што быў удастоены ордэна Чырвонага Сцяга.
Калі на родную зямлю ступілі фашысцкія акупанты, Мінай Шмырэў сфарміраваў партызанскі атрад. Народныя помсціцелі наводзілі жах на немцаў: нападалі на воражскія гарнізоны і апорныя пункты, знішчалі склады, здзяйснялі дыверсіі на чыгуначных шляхах, зрывалі карныя аперацыі супраць мірнага насельніцтва. Разам з часцямі Чырвонай арміі партызаны ўтрымлівалі вядомыя «Суражскія вароты» – саракакіламетровы разрыў нямецкай лініі фронту, праз які сыходзілі мірныя жыхары, навабранцы, пераганялі жывёлу, вывозілі збожжа, праходзілі армейскія дыверсійна-разведвальныя групы, а партызаны атрымлівалі зброю. «Бандытам нумар адзін» называлі Міная Шмырэва немцы, а свае – бацькам. Славу партызанскага правадыра разнеслася па ўсёй Беларусі. Страціўшы надзею расправіцца з народнымі помсціцелямі, гітлераўцы арганізавалі карную экспедыцыю, узялі ў закладнікі, а потым расстралялі чацвярых малалетніх дзяцей камандзіра.
Радзіма высока ацаніла баявыя заслугі нацыянальнага героя, Мінаю Шмырэву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, ён узнагароджаны многімі ордэнамі і медалямі. Пасля вайны Мінай Філіпавіч працаваў на партыйнай рабоце, стаў першым ганаровым грамадзянінам Віцебска. Праз два гады пасля яго смерці – у 1966-м – было прынята рашэнне аб стварэнні Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Філіпавіча Шмырэва.
Пастаянная экспазіцыя распавядае пра жыццё і
деянасці нашага праслаўленага земляка, пра гісторыю партызанскага руху на Віцебшчыне. Побач з будынкам музея створаны мемарыяльны парк, дзе ўстаноўлены скульптурны бюст Міная Шмырэва (аўтар – Заір Азгур), макет «Чыгуначная вайна», артылерыйскія прылады, пабудаваны партызанскія зямлянкі.У межах святкавання 125-годдзя з дня нараджэння Міная Шмырэва ў музеі прайшоў круглы стол «Асоба ў гісторыі, праблема ўспрымання», у якім узялі ўдзел прадстаўнікі музеяў вобласці, архіваў, грамадскіх арганізацый, супрацоўнікі і студэнты ВДУ імя П. Машэрава. Аб новых паступленнях у фонды расказала аспірантка гістарычнага факультэта ВДУ Ганна Пастэрнак. У прыватнасці, гэта стэнаграма гутаркі з Мінаем Шмырэвым, зробленая 6 верасня 1942 года. Гутарка праводзілася камісіяй па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая дзейнічала з верасня 1941-га па лістапад 1945-га. Дакумент дае магчымасць устанавіць новыя факты з біяграфіі героя, напрыклад, дазволіў удакладніць даты нараджэння дзяцей партызанскага камандзіра, пацвердзіўся факт, што два браты Міная Шмырэва загінулі ў грамадзянскую вайну. Тут ёсць інфармацыя пра першыя баявыя дзеянні атрада, яго ўзбраенне, пра карныя аперацыі немцаў. Копія стэнаграмы на 17 лістах атрымана з архіва Інстытута расійскай гісторыі Расійскай акадэміі навук у 2016-м.
– Музей Героя Савецкага Саюза Міная Шмырэва, які сёлета адзначыў 50-годдзе, з'яўляецца цэнтрам захавання гістарычнай памяці. Маладое пакаленне павінна памятаць, якой цаной дасталіся мір і свабода, ведаць пра людзей, якія ўнеслі ўклад у вызваленне роднай зямлі, – падкрэсліў на ўрачыстым вечары ў Віцебскім дзяржаўным музычным каледжы імя І. Салерцінскага намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін.
А дырэктар музея Ірына Шышкова, якая выступіла перад прысутнымі, расказала пра развіццё ўстановы. Апошнім часам колькасць наведвальнікаў узрасла да 19 тыс. у год. Супрацоўнікі праводзяць не толькі экскурсіі, але і розныя акцыі, квэсты, крэатыўныя праекты. Традыцыйнай стала «Партызанская ёлка». Сёлета напярэдадні навагодніх святаў будуць падведзены вынікі акцыі «Пісьмо пакаленню Пераможцаў»,якую Віцебскі музей абвясціў 1 кастрычніка гэтага года на рэспубліканскім форуме. Лясную прыгажуню ўсталююць і ў зямлянцы, ахвотныя змогуць уявiць, як адзначалi свята партызаны, пачаставацца гарачым чаем з самавара.
Таццяна Пастэрнак. Фота Антона Сцяпанішчава. «Віцебскія весці».