У Віцебску адзначылі 136-годдзе з дня нараджэння Марка Шагала

Сёння ў Віцебску адзначылі 136-ю гадавіну з дня нараджэння Марка Шагала. Урачыстасці пачаліся з ускладання кветак да помніка на вул.Пакроўскай. Затым у двары Дома-музея Марка Шагала адбыўся тэатральна-музычны інтэрактыў ад ансамбля "Наша песня" і аматарскага тэатра "Менора".

Раней сёння ўдзень у Арт-цэнтры Марка Шагала адбылася прэзентацыя больш за 60 рэдкіх кніжных выданняў з асабістай бібліятэкі мастака з яго апошняга дома ў Сен-Поль-дэ-Вансе (недалёка ад Ніцы ў Францыі). Кнігі падарылі Віцебску ўнучкі майстра Мэрэт і Бела Мейер. Тут і арыгінальныя графічныя лісты Шагала. Як адзначылі ва ўстанове, паколькі графіка мае сваю спецыфіку (яна не можа знаходзіцца пад ультрафіялетавым выпраменьваннем больш за тры месяцы на год), то, як і ўся астатняя калекцыя ўстановы, гэтыя лісты будуць уключаць у экспазіцыі толькі на час.-0-