У Віцебску адзначылі 225-годдзе Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна

В Витебске отметили 225-летие Александра Сергеевича Пушкина
Сёлета споўнілася 225 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна – «сонца рускай паэзіі». Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, педагогі і навучэнцы Віцебскай гімназіі № 3 імя вялікага класіка і іншыя аматаpы мастацтва ўшанавалі памяць генія славеснасці ля яго помніка на Замкавай плошчы. Госці мерапрыемства разважалі аб гісторыі, літаратуры, успаміналі жыццёвы шлях вялікага паэта і натхнёна чыталі яго вершы.

Памочнік Ганаровага консула Расійскай Федэрацыі ў Віцебску Людміла Лунёва ўручыла падзячныя дыпломы настаўнікам гімназіі – членам журы штогадовага адкрытага конкурсу маладых паэтаў «Мой сябар, Айчыне прысвяцім душы цудоўныя парывы», які праходзіць на базе гімназіі № 3 імя А. Пушкіна.

Тамара Краснова-Гусачэнка, беcсменны старшыня журы конкурсу, паэт, празаік і публіцыст, дырэктар гімназіі № 3 Алена Мацвеева, былы дырэктар гімназіі Людміла Самава, настаўнік харэаграфіі Валянціна Вішнеўская, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Таццяна Цечуешава, ганаровы член журы і Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Намеснікаў, – усе гэтыя людзі, па словах Людмілы Лунёвай, зрабілі велізарны ўклад у захаванне спадчыны знакамітага паэта, драматурга і празаіка.

– Менавіта Аляксандр Пушкін лічыцца заснавальнікам сучаснай рускай мовы. Таксама ён ператварыў літаратурную творчасць у прафесію і стаў першым па-сапраўднаму народным паэтам, – адзначыла памочнік Ганаровага консула. – Прыемна, што па сённяшні дзень яго прыклад натхняе нашчадкаў адточваць сваё пяро.

У разгар мерапрыемства пайшоў настойлівы летні дождж, аднак ён не напалохаў аматараў славеснасці. Ля помніка працягвалі гучаць натхняльныя прамовы сучасных літаратараў, бессмяротныя рыфмы вялікага паэта і юных пераможцаў пушкінскага літаратурнага конкурсу. Таксама гледачы бурна апладзіравалі харэаграфічным пастаноўкам гімназістаў.

Паэтычная Віцебшчына ў асобе паэтаў Іны Саламахі, Лідзіі Піскун, Васіля Калтунова і Лідзіі Шышко выказала шчырую надзею, што год за годам шэрагі Саюза пісьменнікаў Беларусі будуць папаўняцца новымі талентамі, якім ёсць што сказаць свету. А Таццяна Харытонава ў гэты ўрачысты дзень прэзентавала літаратурнаму грамадству свой новы раман-дылогію «Князёўна».

– Пушкін ужо больш за два стагоддзі застаецца маральнай, інтэлектуальнай і духоўнай мерай для носьбітаў рускай мовы, – рэзюмавала Тамара Краснова-Гусачэнка. – Любоў да літаратуры і яго бясспрэчнага генія аб'ядноўвае і натхняе творчых людзей. І гэта, безумоўна, нагода для гонару!

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"