У Віцебску адзначылі 75-годдзе сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі
Калектыў педагогаў і навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя адзначылі 75-годдзе сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Месцам сустрэчы стаў Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі. У фае ўстановы разгарнулася выстава, на якой можна было ўбачыць дасягненні ліцэя (граматы, дыпломы), шэдэўры рукадзелля навучэнцаў (муляжы розных страў, выкананыя са штучных матэрыялаў), прагартаць кнігу гісторыі ўстановы адукацыі, пакінуць добрыя пажаданні.
Разрадзіць свята з віноўнікамі ўрачыстасці прыйшлі ветэраны калектыву, сябры і партнёры — загадчыца крамы «Віцебскія прадукты» №42 Аксана Талопіла, начальнік аддзела кадраў ААТ «Ніка» Ірына Іванова, намеснік дырэктара сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Альгоўскае» Васіль Сідараў і многія іншыя.
З прывітальным словам перад аўдыторыяй выступіў дырэктар ліцэя Віктар Кузняцоў. Ён уручыў ганаровыя граматы лепшым педагогам роднай установы. Не засталіся без увагі і ветэраны працы. 17 чалавек былі ўдастоены памятнага нагруднага знака «75 гадоў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі». У гонар свята таленавітыя навучэнцы, а іх у ліцэі нямала, падрыхтавалі добры канцэрт.
— Мы сустракаем гэту дату годна, — адзначыла намеснік дырэктара ліцэя Таццяна Зайцава. — У нас добры педагагічны склад — выкладчыкі вышэйшай і першай катэгорыі, высокакваліфікаваныя майстры вытворчага навучання, выдатныя навучэнцы, якія сёння імкнуцца стаць умелымі кулінарамі, кандытарамі, кухарамі, прадаўцамі, будаўнікамі, словам, годнай зменай.
Дыяна Сімановіч, «Віцьбічы». Фота аўтара.