У Віцебску адзначылі 81-ю гадавіну вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

В Витебске отметили 81-ю годовщину освобождения города от немецко-фашистских захватчиков
У дзень 81-й гадавіны вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў да Вечнага агню на плошчы Перамогі былі ўскладзены вянкі і кветкі.

У цырымоніі прынялі ўдзел кіраўнікі горада, прадстаўнікі працоўных калектываў, устаноў адукацыі, грамадскіх арганізацый.

На ўрачыстым мітынгу старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў адзначыў, што святкаванне Дня горада звязана з адной з самых важных дат у яго гісторыі – 26 чэрвеня 1944-га. Вызваленню ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў папярэднічалі тры гады прыгнёту, голаду, гвалту, катаванняў і знявагі. З першых жа дзён фашысты ўстанавілі крывавы парадак, прысуджаючы жыхароў да вымірання. Многія сталі ахвярамі халакосту і генацыду. У Віцебску было створана пяць лагераў смерці, самы вядомы – 5-ы полк стаў брацкай магілай для больш чым 80 тыс. чалавек. Віцябчан зганялі на прымусовыя работы ў Германію, адпраўлялі вагонамі ў канцлагеры краін Еўропы. З сутарэнняў нямецкага гестапа штодня даносіліся крыкі болю і пакуты. Па няпоўных даных, толькі з ліпеня па снежань 1942-га праз заставы турмы СД прайшло больш за 3 тыс. чалавек.

Нягледзячы на моц нямецкай ваеннай машыны, на тэрор і масавыя забойствы, гараджане ні на імгненне не гублялі веру ў Перамогу. Першыя падпольныя групы пачалі стварацца ўжо ў ліпені 1941-га. Віцебскія патрыёты ўстанаўлівалі сувязі і дапамагалі партызанам і спецыяльным разведгрупам, ратавалі моладзь ад згону на катаржныя работы, здзяйснялі дыверсіі на чыгунцы і аэрадроме.

Вызваленне горада пачалося 23 чэрвеня 1944 года наступленнем войскаў 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў. Вораг упарта супраціўляўся, барацьба ішла за кожны раён, вуліцу, дом, сутарэнне. Разгромны ўдар нанеслі войскі пад камандаваннем генералаў Івана Люднікава і Афанасія Белабародава. Горад быў ачышчаны ад ворага 26 чэрвеня 1944 года. Знішчэнне нямецкай групоўкі пад Віцебскам дазволіла савецкім войскам развіць імклівае наступленне на Мінск і Прыбалтыку.

Аляксей Герояў падкрэсліў, што сучасны, прыгожы, добраўпарадкаваны і які развіваецца Віцебск з'яўляецца лепшым помнікам тым, хто абараняў яго ў 1941-м, вызваляў у 1944-м, уздымаў з руін і попелу, аднаўляў народную гаспадарку, закладваючы трывалы падмурак для жыцця новых пакаленняў.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых.

Адбыўся аўтапрабег.

Віцебскія весці