У Віцебску адзначылі Дзень Незалежнасці і 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

В Витебске отметили День Независимости и 75-летие освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков
У Віцебску святкаванне Дня незалежнасці і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вырашылі не абмяжоўваць урачыстым мітынгам на плошчы Перамогі.

Тысячы жыхароў Віцебска сабраліся ля памятнага знака «Ордэн Перамогі». Туды даставілі факел Перамогі, полымя якога запалілі ў Ліёзне — першым населеным пункце вобласці, вызваленым у гады Вялікай Айчыннай. Побач з сцягамі Віцебшчыны, гарадоў і раёнаў, брыгад, якія змагаліся ў паўночным рэгіёне, рэяў копія Сцяга Перамогі — штурмавога сцяга 150-й стралковай ордэна Кутузава ІІ ступені Ідрыцкай дывізіі 79-га стралковага корпуса 3-й ударнай арміі 1-га Беларускага фронту, узнятага над павержаным Рэйхстагам у маі 1945 года.

Прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці прайшлі па Маскоўскім праспекце да Вечнага агню ля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, да якога ўсклалі вянкі і кветкі. Разам з імі даніну памяці загінулым аддалі кіраўнікі вобласці, праваахоўных органаў і духавенства. Як адзначыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, вайна стала страшным выпрабаваннем для беларусаў. Нашы дзяды і прадзеды праявілі стойкасць і гераізм, здолелі адолець гітлераўцаў і аднавіць народную гаспадарку пасля ліхалецця. Мікалай Мікалаевіч павіншаваў ветэранаў з юбілейнай датай і падкрэсліў, што цяперашняе пакаленне свята шануе герояў, робіць усё магчымае для працвітання і незалежнасці краіны. Нельга забываць пра тыя страшныя падзеі. Памяць дае разуменне, што любы ўзброены канфлікт — зло.

Пасля мітынгу прайшоў ваенны парад, у якім упершыню ўдзельнічалі вайскоўцы тэрытарыяльных войскаў, сфармаваныя на базе Бешанковіцкага раёна. Таксама на плошчы з'явілася ваенная тэхніка, якая стаіць на ўзбраенні ў 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, у тым ліку бранетранспарцёры, спецыяльныя аўтамабілі «Багатыр» і «Кайман».

Свята працягнулася ў розных кутках горада. На Алеі Воінскай Славы ў парку Тысячагоддзя выступілі аркестры, лепшыя артысты вобласці парадавалі жыхароў і гасцей Віцебска на адкрытых канцэртных пляцоўках, а рамеснікі — выстаўкамі сваіх работ на пляцоўцы ля помніка Пушкіну. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў адкрыў мемарыяльную дошку ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, ганароваму грамадзяніну Віцебска Мікалаю Сакмаркіну. У цырымоніі ўдзельнічаў сын праслаўленага ветэрана Юрый Сакмаркін.

Завершыцца свята акцыяй на плошчы Перамогі абласнога цэнтра «Заспяваем гімн разам», у якой таксама возьмуць удзел прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскіх арганізацый. Начное неба ўпрыгожаць залпы салюту.

"Віцебскія весці".