У Віцебску адзначылі Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 32-ю гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістана
Прайшло 32 гады з таго часу, як апошні салдат пакінуў Афганістан. Але час не лечыць раны, нанесеныя вайной. Яшчэ больш балюча, калі даводзілася губляць баявых таварышаў удалечыні ад Радзімы. У складзе абмежаванага кантынгенту ў Афганістане ваявалі каля 30 тыс. беларусаў. Больш за 1,5 тыс. атрымалі раненні, контузіі, калецтвы, звыш 700 – вярнуліся дадому інвалідамі, 723 – загінулі, 12 лічацца прапаўшымі без вестак.
Сярод тых, хто першымі адправіўся ў чужую краіну выконваць інтэрнацыянальны абавязак, былі вайскоўцы 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі і лётчыкі 339 палка ваенна-транспартнай авіяцыі, якія дыслакаваліся на тэрыторыі Віцебшчыны.
– 15 лютага – гэта дзень радасці і смутку. Афганская вайна ўвайшла ў гісторыю нашай краіны, яна адбілася на лёсах тых, хто ваяваў, выконваючы абавязак, на лёсах маці, жонак, дзяцей. За час баявых дзеянняў загінула 160 нашых землякоў, пазней больш за 1300 жыхароў вобласці памерлі ад ран і хвароб. Вайна пакінула глыбокі след. Так атрымалася, што вяртанне на Радзіму супала з развалам краіны, якая пасылала маладых хлопцаў на чужую вайну. Таму некаторыя разгубіліся і з цяжкасцю спраўляліся з вялікім стрэсам. Задача нашай арганізацыі – абараніць тых, хто пацярпеў, у першую чаргу інвалідаў, а іх на ўліку 168 чалавек. Не пакідаем без увагі ўдоў, маці. Важна адзначыць і тое, што многія былыя «афганцы» сёння займаюць актыўную пазіцыю ў грамадстве, атрымліваюць ужо не баявыя, а ўзнагароды за доблесную працу, – падкрэсліў старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр'ян Мацкевіч.
Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў адзначаюць ва ўсіх райцэнтрах вобласці. У Віцебску людзі традыцыйна сабраліся на вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў ля мемарыяльнага комплексу «Боль». Кожны год да гэтага святога месца прыходзіць Вячаслаў Кібіраў, які двойчы пабываў у Афганістане – у 1981-м і ў 1984-1987 гадах. Тут на гранітнай пліце выбіты прозвішчы яго саслужыўцаў, якія засталіся вечна маладымі. Яму таксама было 24 гады, калі ён, камандзір парашутна-дэсантнага ўзвода, адправіўся ў першую баявую камандзіроўку ў далёкую горную краіну.
– Кліча памяць пра сваіх сяброў, пра маладосць. Тыя падзеі не выкінуць з сэрца, яны застануцца на ўсё жыццё з усімі, хто прайшоў праз пекла той вайны, – адказаў Вячаслаў Іванавіч на пытанне, з якімі пачуццямі ён прыходзіць на сустрэчу са сваім баявым мінулым.
Урачысты мітынг ля мемарыяльнага комплексу пачаўся з ускладання вянкоў і кветак. Па заведзенай з першага дня традыцыі на памятнай алеі выстраіліся салдаты з партрэтамі загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў.
– Амаль чвэрць стагоддзя таму ў Віцебску з'явілася гэтае месца, якое стала святым. Гэта месца смутку, страты – мемарыяльны комплекс «Боль». Сюды ва ўрачыстыя хвіліны прыходзяць розныя людзі: тыя, хто страціў блізкіх і сяброў, хто прайшоў праз пекла афганскай вайны, хто ведае яе па кнігах і апавяданнях відавочцаў. Для мяне гэтая вайна – успаміны дзесяцігадовага падлетка, бацькі аднакласнікаў якога зляцелі ў Афганістан. Ужо ў сталым узросце гэта знаёмства з «афганцамі», якія вярнуліся з вайны. Час няўмольна ідзе наперад. На жаль, многія пайшлі з жыцця з-за хвароб, ран, узросту. Але застаецца памяць. Важна перадаць яе маладому пакаленню, – звярнуўся да прысутных старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
Старшыня дэпутацкага корпуса вобласці таксама падкрэсліў, што калі не казаць пра гераізм звычайных хлопцаў, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак, не ўдзяляць увагу патрыятычнаму выхаванню моладзі, памяць можа сцірацца. На жаль, у чацвёртым пакаленні маладыя людзі пачынаюць забываць, які подзвіг здзейснілі іх прапрадзеды падчас Вялікай Айчыннай.
– Успамінаючы падзеі афганскай вайны, трэба сёння казаць не пра геапалітычныя інтарэсы калісьці вялікай дзяржавы, а пра мужчынскую дружбу, абавязак, гонар, прысягу. Пра загінулых, – працягнуў Уладзімір Церанцьеў.
Пра адданасць Радзіме савецкіх воінаў, якія змагаліся на чужой зямлі, гаварыў старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі «Братэрства» Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерый Ананчанка.
– Можна разважаць і спрачацца пра тое, ці было памылкай уступаць у ваенны канфлікт у далёкай краіне. Але нам сорамна няма чаго. Мы выканалі свой воінскі абавязак, навучыўшыся ваяваць з сусветным злом, што зараджалася на афганскай вайне – міжнародным тэрарызмам. Жыццё згуртавала нас, з'яднаных тымі гарачымі гадамі ў моцнае баявое братэрства. Наша арганізацыя так і называецца – «Братэрства». Ветэраны – «афганцы» на сваім прыкладзе паказваюць мужнасць салдата – абаронцы Айчыны, вучаць падрастаючае пакаленне па-сапраўднаму любіць сваю Радзіму, – адзначыў Валерый Ананчанка.
Ад імя цяперашніх воінаў, якія стаяць на абароне краіны, на мітынгу выступіў камандзір 103-й Віцебскай гвардзейскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады Аляксей Елфімаў.
– Мы павінны захоўваць памяць пра людзей, якія прайшлі праз горніла той вайны.
Пераемнікам праслаўленай паветрана-дэсантнай дывізіі, першай адпраўленай у 1979 годзе ў Афганістан, стала брыгада. Маладыя людзі, якія сёння праходзяць у ёй тэрміновую службу, з гонарам выконваюць ускладзеныя на іх задачы, свой воінскі абавязак, – падкрэсліў гвардзейскі полкаўнік.
На мітынг прыйшлі цяперашнія дэсантнікі, выхаванцы Віцебскага кадэцкага вучылішча, навучэнцы школ, прадстаўнікі гарадской улады, грамадскіх арганізацый, жыхары Віцебска. У скорбным маўчанні прайшла хвіліна памяці, болем у сэрцах адгукаліся прозвішчы названых паімённа ўсіх загінулых у далёкім Афганістане. У болю, як і ў памяці, няма тэрміну даўнасці.