У Віцебску адсвяткавалі 100-годдзе з дня ўтварэння органаў ЗАГС
Сапраўды, найважнейшыя падзеі ў жыцці людзей: нараджэнне, смерць, заключэнне шлюбу, яго скасаванне, усынаўленне, устанаўленне мацярынства або бацькоўства, змена прозвішча, імя і імя па бацьку – падлягаюць рэгістрацыі ў органах ЗАГС. Там спачуваюць і падтрымліваюць у сумныя моманты, напуцяць і віншуюць у хвіліны шчасця.
– Органы ЗАГС прайшлі дастаткова доўгі шлях развіцця. Пачатак адліку іх гісторыі прыпадае на 18 снежня 1917 года, калі быў выдадзены Дэкрэт «Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў грамадзянскага стану». З таго часу ўсе запісы, якія вяліся рэлігійнымі ўстановамі, сталі весціся на дзяржаўным узроўні. У жыцці кожнага чалавека гэтыя дакументы адыгрываюць значную ролю: па актах грамадзянскага стану можна аднавіць гісторыю канкрэтнага чалавека. Часам да нас звяртаюцца грамадзяне іншых дзяржаў з просьбай дапамагчы ўстанавіць роднасныя сувязі. І дзякуючы таму, што запісы вяліся на працягу 100 гадоў, магчыма знайсці людзей, – расказаў міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, які прыняў удзел у урачыстай калегіі галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама, прысвечанай 100-годдзю органаў ЗАГС.
\\
Ад імя мясцовай улады юбіляраў павіншаваў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў. Ён зачытаў прывітальны адрас ад імя старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва і ўручыў Ганаровыя граматы і падзякі за добрасумленную і такую патрэбную грамадству працу лепшым работнікам. Уладзімір Уладзіміравіч таксама акцэнтаваў увагу на падтрымцы працы органаў ЗАГС з боку абласной вертыкалі.
– Аб увазе з боку мясцовай улады сведчыць той факт, што ў рэгіёне адкрываюцца новыя палацы ўрачыстых абрадаў: сёлета – у Дубровне, летась – у Сенне. Мы разумеем, што ЗАГСы адыгрываюць асаблівую ролю ў папулярызацыі сямейных адносін, а значыць, і паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў рэгіёне. Акрамя таго, органы ЗАГС займаюцца сур'ёзнай архіўнай працай, – падкрэсліў Уладзімір Церанцьеў.
Нягледзячы на тое, што афіцыйна 100-годдзе адзначаецца толькі цяпер, супрацоўнікі органаў ЗАГС рыхтаваліся да знамянальнай даты яшчэ з пачатку года.
З нагоды векавога юбілею ў рэгіёне ўручаліся сертыфікаты аб сотай рэгістрацыі нараджэння, заключэння шлюбу, ушаноўваліся юбілейныя пары, праводзіліся розныя конкурсы і выставы, прысвечаныя сям'і і дзецям.
Удзельнікі ўрачыстага мерапрыемства маглі ўбачыць унікальныя гістарычныя дакументы галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама, а таксама калекцыю вясельных лялек аддзела ЗАГС Першамайскага раёна.
Лічбы і факты:
- У Віцебскай вобласці рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану ажыццяўляюць 27 аддзелаў ЗАГС і больш за 190 пасялковых і сельскіх Саветаў.
- Штогод у органах ЗАГС праводзіцца больш за 5 тыс. урачыстых рэгістрацый шлюбу, нараджэнняў, ушанаванняў сямейных пар, якія святкуюць юбілейныя даты сумеснай жыцця.
- За год здзяйсняецца каля 45 тыс. актаў грамадзянскага стану і выдаецца больш за 60 тыс. даведак аб запісах.