У Віцебску адзначылі 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

В Витебске отпраздновали 90-летие со дня рождения Владимира Короткевича
«Быў. Ёсць. Буду.» Гэтыя радкі з верша Уладзіміра Караткевіча ўвайшлі ў назву свята, прысвечанага 90-годдзю з дня нараджэння нашага праслаўленага земляка.

Пачалося яно з ускладання кветак да помніка Уладзіміру Караткевічу, устаноўленага ў Віцебску ў парку Партызанскай Славы імя М. Шмырова.

– Уладзімір Караткевіч – гэта глыба. Трэба ганарыцца, што такі талент нарадзіўся на Віцебшчыне. Мы выхоўваліся і раслі на творах нашага земляка. Па Караткевічу можна не толькі вывучаць мінулае нашай краіны, але і разважаць над гістарычнымі памылкамі, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, які разам з прыхільнікамі творчасці літаратара аддаў даніну памяці аўтару твораў, што праслаўляюць Беларусь.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса таксама падзяліўся планамі далейшага ўшанавання імя Уладзіміра Караткевіча на яго малой радзіме – Аршаншчыне.

Пасля невялікага мітынгу ля помніка эпіцэнтр перамясціўся ў гарадскую бібліятэку, якая носіць імя нашага земляка. Тут была разгорнута выстава, гучалі вершы і песні на словы Уладзіміра Караткевіча. У анлайн-фармаце прайшлі чытанні, у якіх прынялі ўдзел віцебскія літаратары, артысты Коласаўскага тэатра, студэнты.

– Зорка Уладзіміра Караткевіча – адна з самых яркіх на небасхіле сучаснай беларускай літаратуры. Пра што б ён ні пісаў, усюды прысутнічаў вобраз Радзімы, якую з яго лёгкай рукі мы называем Зямлёй пад белымі крыламі. Пісьменнік шмат падарожнічаў, прызнаваўся, што ёсць месцы, да якіх прывыкаеш з першай хвіліны. Такім для яго быў Віцебск. Ён вельмі любіў горад на Дзвіне, і мы, яго жыхары, удзячныя і ганарымся гэтым, – сказала загадчыца бібліятэкі імя У. Караткевіча Галіна Ражноўская.

І дадала, што трэба заўсёды прытрымлівацца запавету, якога прытрымліваўся пісьменнік, – любіць родную зямлю. Іншай нам не дадзена і не трэба.

Адзначылі 90-годдзе свайго земляка і на Аршаншчыне. З раніцы 26 лістапада, у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча ў храмах прайшла паніхіда, ліція прагучала ля помніка знакамітаму ўраджэнцу райцэнтра. Жыхары горада прыйшлі да бацькоўскага дома пісьменніка, у якім цяпер знаходзіцца музей Уладзіміра Караткевіча. Тут жа можна пачуць унікальныя запісы голасу самога пісьменніка, музычныя творы беларускіх выканаўцаў на яго вершы, паглядзець мастацкія фільмы па сцэнарыях Караткевіча. А ў гэтыя дні праходзіць рэспубліканская выстава, прымеркаваная да юбілею літаратара. Да памятнай даты супрацоўнікі бібліятэкі выпусцілі зборнік вершаў аршанскіх паэтаў і ўладкавалі яго прэзентацыю. Першыя экзэмпляры разам з сувенірамі ад прадпрымальніка Андрэя Балабіна атрымалі члены найстарэйшага ў Беларусі народнага літаратурнага аб'яднання «Дняпроўскія галасы».

"Віцебскія весці".