У Віцебску плануецца стварыць экспазіцыю, прысвечаную блакаднікам Ленінграда
Набліжаецца гадавіна даты прарыву блакады гераічнага Ленінграда — 27 студзеня 1944 года. Гэты дзень навечна захаваны ў сэрцах тых, хто мужна змагаўся за жыццё і свабоду 872 страшных дні, адзначаных голадам, холадам, стратамі і пакутамі. Сёння на Віцебшчыне пражывае 106 блакаднікаў Ленінграда, з іх 46 — у Віцебску. Іх памятаюць, шануюць, запрашаюць на сустрэчы са школьнікамі, моладдзю. Але час сыходзіць, а разам з ім і людзі, непасрэдныя ўдзельнікі тых падзей.
У абласным цэнтры сёння нарадзілася ідэя стварыць пастаянную экспазіцыю, прысвечаную подзвігу ленінградцаў. Памяшканне дзеля добрай справы прадастаўляе Віцебская гарадская арганізацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў «Братэрства» ГРА БСВА. Арганізатарскія клопаты ўзяла на сябе Таццяна Храмцова, дачка блакадніцы. Сваю ідэю яна выношвала даўно і пачала яе рэалізоўваць, збіраючы прадметы побыту, рукадзелля, звязаныя з маці, дзяцінствам і той эпохай. Атрымалася нешта накшталт невялікага этнаграфічнага музея ў доме. Але на гэтым Таццяна Аляксандраўна не спынілася, бо, акрамя культурна-бытавой спадчыны, яшчэ больш важна захаваць памяць пра гераічныя і трагічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны — блакаду Ленінграда. Таццяна Храмцова не можа без слёз успамінаць апавяданні мамы і бабулі пра тыя дні. З болем глядзіць на старыя фатаграфіі, дзе ўсе яшчэ жывыя.
— Вось дзядуля з бабуляй — Якаў і Матрёна Абраменкі, — распавядае яна, — вось мама Вера Церашкіна, напачатку вайны ёй было 4 гадкі, сястрычцы Дусі — усяго паўтара, старэйшыя — сястра Каця і брат Пятро. Блокаду перажылі толькі трое з іх. Дусю выратавала тое, што разам з астатнімі малымі з ясляў яе эвакуіравалі ў горад Ачынск Краснаярскага краю. Вярнулася яна ў 1944-м. Пятро ў чэрвені 1941-га атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. Ваенкамат накіраваў яго працаваць на Кіраўскі завод, дзе вырабляліся снарады для фронту. Потым дзядуля забраў хлопца на чыгунку, дзе працаваў сам. На начамі яны хадзілі скідаць з дахаў дамоў так званыя запалкі. Калі фашысты разбамбілі Бадаеўскія склады, туды пацягнуліся людзі ў надзеі здабыць хоць якія-небудзь прадукты. Пятро насабіраў цукру ўперамешку з пяском і пакаштаваў… Неўзабаве яго не стала. Бабуля хавала, пакуль былі халады, што Пятро памёр, каб атрымліваць яго пайку хлеба для сям'і. Ад разрыву снарада загінуў дзядуля. Іх абоіх бліжэй да вясны крэміравалі на цагляным заводзе. Бабуля з Кацяй адвучыліся на курсах сясцёр міласэрнасці і аказвалі параненым дапамогу. У 1947 годзе яны, ратуючыся ад голаду, з'ехалі ў в. Ферма Шумілінскага раёна да сваячкі. Потым сёстры перабраліся ў Віцебск, працавалі на будоўлі, жылі ў бараку. Там выйшлі замуж, там з'явілася і я.
Таццяна Храмцова не можа без хвалявання распавядаць і пра сваё дзяцінства. Хоць у сям'і яна была адна, жылі цяжка. Самай смачнай ежай для яе былі «цюпкі» — салодкая вада з пакрошанай туды булкай ці хлебам. Успамінае, як зімой барак замятала да самай фортачкі. Каб яна не замярзала, мама і бабуля вызначылі для дзяўчынкі цёплае месца на загнецці печы. Дзіцячыя ўражанні саграваюць яе да гэтага часу, а душа напаўняецца горыччу — родных людзей ужо няма на гэтым свеце.
Усе гады пасля смерці мамы Таццяна Аляксандраўна беражліва захоўвае ўзнагароды, дакументы, віншавальныя адрасы ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўспаміны, звязаныя з яе сям'ёй, як самае дарагое. Цяпер яны зоймуць месца ў экспазіцыі, прысвечанай блакаднікам.
Блакаднікі, якія пражываюць на Віцебшчыне, іх дзеці, унукі, сваякі і проста неабыякавыя людзі! Вы можаце зрабіць свой унёсак у стварэнне мемарыяльнай экспазіцыі пра жыхароў нескароны горада. Вас чакаюць па адрасе: Віцебск, вул. Камуністычная, 27/1. Кантактныя асобы і тэлефоны для даведак: старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі «Братство» Валерый Генадзьевіч Ананчанка (+375 212 53-84-24), Таццяна Аляксандраўна Храмцова (+375 33 345-66-77).
Надзея Фандарэнка, "Віцебскія весці"