У Віцебску плануюць маштабную рэканструкцыю мемарыяла воінам-інтэрнацыяналістам «Боль»
Не вярнуліся з палёў бітваў у Афганістане 907 воінаў 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі, якая дыслацыравалася ў Віцебску. Імёны яшчэ 160 нашых землякоў – жыхароў Віцебшчыны, якія загінулі на той вайне, навечна высечаны на мемарыяльных плітах, уздоўж якіх ляжыць шлях да капліцы і скульптуры «Боль». 160 туй сімвалізуюць загінулых «афганцаў».
Гэтаму мемарыялу больш за 25 гадоў, і час яго не пашкадаваў. Заўважна крышыцца плітка, занадта разрасліся і закрылі сабой помнік туі, пацямнела фарба...
У лютым наступнага года споўніцца 35 гадоў з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Справа гонару да гэтай даты, калі не скончыць, то выканаць значны аб'ём работ па абнаўленні сцяны Памяці, скульптуры, тэрыторыі мемарыяла.
– У перспектыве тут, на вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў, з завяршэннем будаўніцтва Свята-Міхайлаўскага храма, уводам у эксплуатацыю лазнева-аздараўленчага комплексу, добраўпарадкаваннем помніка «афганцам» з'явіцца своеасаблівы архітэктурны комплекс, здольны ўпрыгожыць наш абласны цэнтр, – адзначыў Аляксандр Субоцін. – Неабходна выканаць капітальны рамонт мемарыяла. Папутна – заняцца ўладкаваннем Віцебскага гарадскога музея воінаў-інтэрнацыяналістаў, абнавіць яго экспазіцыі.
Кіраўнік вобласці даў заданне гарадской уладзе пры ўдзеле дзяржаўнага прадпрыемства «Віцебск Зяленбуд», на балансе якога знаходзіцца мемарыял, абласной і гарадской структурам ГА «Беларускі саюз ветэранаў войнаў у Афганістане» вызначыцца з праектам маштабнай рэканструкцыі, аб'ёмам работ, якія неабходна выканаць, крыніцамі фінансавання. Асаблівую ўвагу Аляксандр Субоцін акцэнтаваў на якасці вытворчасці работ, што паслужыць даўгавечнасці мемарыяла.
Важны момант – назапашванне сродкаў на будучы рамонт. Частку выдзеліць бюджэт, але трэба падключыць грамадскія арганізацыі, вайскоўцаў–дэсантнікаў, аб'явіць добраахвотны збор сродкаў, звярнуцца па дапамогу ў Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы. Разгледзяць пытанне аб накіраванні на рэканструкцыю часткі сродкаў, заробленых на суботніку.
Старшыня Віцебскага гарвыканкама Мікалай Арлоў прапанаваў старшыням абласной арганізацыі «БСВВА» Валяр'яну Мацкевічу і гарадской арганізацыі «Братэрства» Валерыю Ананчанку выступіць з ініцыятывай і арганізаваць членаў арганізацый на выкананне часткі пасільных работ у рамках суботніка. Гэтая прапанова прынята.
"Віцебскія весці"