У Віцебску па выніках года створана чатыры новых вытворчых прадпрыемства

Яны заняліся выпускам мінеральнай вады і безалкагольных напояў, будаўнічых канструкцый, кухоннай мэблі і забяспечылі пры гэтым стварэнне 30 працоўных месцаў. Новая вытворчасць была арганізавана і на дзейных прадпрыемствах дзякуючы праводзімай мадэрнізацыі і тэхнічнаму пераўзбраенню. Так, ААТ «Віцебскі камбінат шаўковых тканін» асвоіў выпуск геатэкстылю, у ААТ «Візас» створаны ўчастак па вытворчасці вуглавых перадач для ПА «Гомсельмаш», на заводзе «Вістан» – каробкі перадач для трактара «Беларус», запушчана аўтаматычная лінія па вырабе шклопакетаў у СААА «ОкнаИнвест», ПА «Энергакамплект» збіраецца канкурыраваць на рынку безгалогеннага вогнеўстойлівага сілавога кабеля. Акрамя таго, ўведзены ў эксплуатацыю італьянская сушыльна-шырыльная машына ў ААТ «КІМ», элеватарны комплекс ёмістасцю 20 тысяч тон алею рапсу ў ААТ «Віцебскі МЭЗ». Там жа пачата рэалізацыя новага інвестыцыйнага праекта «Рэканструкцыя падрыхтоўча-прэсавага аддзялення». Працягнецца маштабнае абнаўленне абсталявання на прадпрыемствах Віцебска.

«ВР»