У Віцебску ўшанавалі памяць загінулых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС

В Витебске почтили память погибших от аварии на Чернобыльской АЭС
Жыхары абласнога цэнтра сабраліся ў Свята-Успенскім кафедральным саборы, каб аддаць даніну памяці ахвярам найбуйнейшай за ўсю гісторыю чалавецтва тэхнагеннай катастрофы. Выбух здарыўся ў ноч на 26 красавіка 1986 года з-за фатальных памылак пры правядзенні выпрабаванняў. Аварыі ў Чарнобылі МАГАТЭ прысвоіла максімальны ўзровень ядзерных падзей — 7 балаў.

На мітынгу прысутнічалі прадстаўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, грамадскіх арганізацый, пенсіянеры, моладзь, а таксама кіраўніцтва вобласці і горада, у тым ліку кіраўнік абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк.

Прысутным расказалі пра ўклад Віцебшчыны ў гераічную барацьбу з наступствамі катастрофы. Каля 3 тыс. прыдзвінцаў працавалі на месцы выбуху, у нашым рэгіёне знайшлі прытулак і працу звыш 1,5 тыс. перасяленцаў. Штогод на рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, выплату льгот і кампенсацый расходуюцца тысячы рублёў, дзеці з забруджаных радыяцыяй раёнаў Беларусі аздараўляюцца ў здраўніцах паўночнага краю.

Сваімі ўспамінамі падзяліліся ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС. Так, ветэран пажарнай службы Уладзімір Ермаленка ўпэўнены, што ніхто з тых, хто апынуўся ў Чарнобылі, не лічыў сябе героем, а проста выконваў свой абавязак.

— У нас усё было як на вайне: перад табой вораг, няхай і нябачны, але вельмі небяспечны, і табе яго трэба спыніць любой цаной, каб абараніць суайчыннікаў, — падзяліўся Уладзімір Аляксандравіч.

А ўрач-інфекцыяніст гарадской паліклінікі №2 Яўген Правалоцкі адзначыў, што яму ў зоне адчужэння даводзілася не толькі аказваць медыцынскую дапамогу пацярпелым, але і весці тлумачальную працу сярод насельніцтва.

— Многія не разумелі, чаму нельга піць малако ад сваёй каровы, навошта з'язджаць з родных мясцін, — паведаміў Яўген Пятровіч.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, запалілі ў іх гонар свечкі. Святары адслужылі набажэнства.

Эдуард Каралевіч. Фота Антона Сцяпанішчава. "Віцебскія весці".