У Віцебску ўшанавалі памяць загінулых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС

В Витебске почтили память погибших от аварии на Чернобыльской АЭС
У Віцебску сёння ўшанавалі памяць загінулых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Выбух на атамнай электрастанцыі здарыўся ўночы 26 красавіка 1986 года з-за фатальных памылак пры правядзенні выпрабаванняў. Аварыі ў Чарнобылі МАГАТЭ прысвоіла максімальны ўзровень ядзерных падзей — 7 балаў. У 33-ю гадавіну найбуйнейшай за ўсю гісторыю чалавецтва тэхнагеннай катастрофы дзясяткі жыхароў Віцебска сабраліся ў Свята-Успенскім кафедральным саборы, каб ушанаваць памяць яе ахвяр.

 

У мітынгу ўдзельнічалі кіраўніцтва вобласці і горада, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, моладзь, а таксама чарнобыльцы-ліквідатары. Прысутным нагадалі аб укладзе Віцебшчыны ў гераічную барацьбу з наступствамі катастрофы. Каля 3 тыс. прыдзвінцаў працавалі на месцы выбуху, у нашым рэгіёне знайшлі прытулак і працу звыш 1,5 тыс. перасяленцаў.

— Чарнобыль стаў для ўсяго свету, а асабліва беларусаў, сінонімам гора і смерці, — сказаў старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Белявіч. — Пасля распаду Савецкага Саюза ўлады суверэннай Беларусі выдаткавалі велізарныя сродкі на аздараўленне пацярпелых і ачышчэнне забруджаных земляў.

 

Сваімі ўспамінамі падзяліліся ўдзельнікі лакалізацыі аварыі на ЧАЭС. 

— Пасля аварыі было ўведзена надзвычайнае становішча, як у ваенны час. Ратавальнікі, міліцыянеры, вайскоўцы, спецыялісты розных ведамстваў, ахвяруючы сваім здароўем і жыццём, з першых дзён рабілі ўсё магчымае, каб абараніць суайчыннікаў і краіну ад яшчэ большай шкоды, — паведаміў падпалкоўнік унутранай службы ў адстаўцы Сяргей Арцюхоўскі.

 

Урач-інфекцыяніст гарадской паліклінікі №2 Яўген Правалоцкі ў зоне адчужэння не толькі аказваў медыцынскую дапамогу пацярпелым, але і вёў тлумачальную працу.

— Многія не разумелі, чаму нельга піць малако ад сваёй каровы, навошта з’язджаць з родных мясцін? — сказаў Яўген Пятровіч. — Даводзілася тлумачыць, угаворваць з’язджаць з родных мясцін, пацярпелых ад радыяцыі.

Памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання, запалілі ў іх гонар свечкі. Святары адслужылі літыю па ахвярах Чарнобыля.

"Віцебскія весці".