У Віцебску ўшанавалі памяць савецкіх воінаў, якія вызвалілі яго ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Ад перажыўшага акупацыю Віцебска практычна нічога не засталося: разбураныя будынкі, пустыя вуліцы. Але жыхары пасля доўгіх гадоў варожага гнёту ўздыхнулі свабодна. Гэты дзень стаў важнай датай у жыцці тагачаснага пакалення віцяблянаў, якія нанова прывыкалі да мірных будняў і аднаўлялі свой горад з руін. Сёння іх нашчадкі таксама шануюць подзвігі герояў, якія загінулі ў баях, даражаць свабодай і незалежнасцю.
Па традыцыі ў гадавіну вызвалення былі ўскладзены кветкі і вянкі да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў на плошчы Перамогі абласнога цэнтра. У мерапрыемстве ўдзельнічалі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў і кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны Уладзімір Церанцьеў. Сотні гараджан, прадстаўнікі гарадской улады, грамадскіх арганізацый і духавенства таксама сабраліся там.
— Гэта вялікае свята для віцяблянаў. 75 гадоў таму быў узведзены савецкі
флаг над будынкам каля Акадэміі ветэрынарнай медыцыны на вуліцы Даватара. Перамога была дасягнута нелегкай цаной і многімі ахвярамі. У Віцебску дзейнічала пяць лагераў смерці, у якіх загінула звыш 200 тыс. чалавек. Пра маштабы разбурэнняў у горадзе сведчыць той факт, што пасля вайны сумняваліся, ці варта яго аднаўляць, — сказаў старшыня гарвыканкама Віктар Мікалайкін. — З тых часоў мы жывем пад мірным небам. З кожным годам горад становіцца прыгажэйшым, развіваецца яго інфраструктура. Святочныя мерапрыемствы працягнуцца некалькі дзён, будуць разнапланавымі і маляўнічымі.Памяць загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання і залпамі гармат.
Даведка «ВВ». Чырвонаармейцы ў канцы чэрвеня 1944 года фарсіравалі Заходнюю Дзвіну і пачалі штурм заходняй часткі абласнога цэнтра. Усю ноч з 25 на 26 чысло салдаты-вызваліцелі вялі жорсткія баі, выбіваючы гітлераўцаў з дамоў, сутарэнняў і схованак. Да раніцы Віцебск быў цалкам вызвалены ад ворага. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе жыло каля 167 тыс. чалавек. Пасля вызвалення савецкіх воінаў сустракала ўсяго 113 віцябчан.
ЭДУАРД КАРАЛЕВІЧ, фота Дзмітрыя Восіпава, «Віцебскія весці».