15 лютага
адзначаўся Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 27-я гадавіна вываду
абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з Афганістана.
У
Віцебску да манумента «Боль» былі ўскладзены вянкі і кветкі. Пашанаваць памяць
загінулых прыйшлі родныя і блізкія, баявыя таварышы, кіраўнікі вобласці і
города, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Уздоўж алей стаялі з партрэтамі
герояў выхаванцы Віцебскага кадэцкага вучылішча.
— Схіляючы
галавы перад памяццю землякоў і аддаючы даніну павагі ветэранам той вайны, мы павінны
годна працягваць традыцыі мужнасці і гераізму, уласцівыя нашаму народу,
— сказаў у сваім выступленні на мітынгу старшыня аблвыканкама Мікалай
Шарснёў.
Кіраўнік
вобласці падкрэсліў, што дзяржава разлічвае на ветэранаў-«афганцаў» у вырашэнні
сацыяльна-эканамічных задач, фарміраванні і падтрымцы патрыятычнай
свядомасці, любові і вернасці Радзіме. Мікалай Шарснёў пажадаў усім здароўя,
мірнага неба, шчасця і каб з кожным годам памяць аб загінулых станавілася
мацней.
На
мітынгу таксама выступілі старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз
ветэранаў вайны ў Афганістане» Валяр'ян Мацкевіч, сакратар пярвічнай
арганізацыі БРСМ 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады старшы
лейтэнант Андрэй Баланеску, удава маёра Анатоля Скобава Алена Скобава.
Прысутныя
пашанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых. Усе 160 ураджэнцаў Віцебшчыны, якія аддалі
свае жыцці пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку, былі названы паімённа. Пад
гукі Дзяржаўнага гімна прагучаў салют.
Сяргей
Ляшук. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».