У Віцебску ўшанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў
Як падкрэслівалі выступоўцы, колькі б гадоў ні прайшло пасля афганскіх падзей, памяць захавае подзвіг і самаадданасць савецкіх афіцэраў і салдат, якія не здрадзілі Радзіме і прысязе, з годнасцю і гонарам выканалі пастаўленыя перад імі задачы, абараняючы інтарэсы дзяржавы.
— У сучаснай гісторыі аб той вайне часта гавораць як аб першай антытэрарыстычнай аперацыі. Усяго дарогамі вогненнага Афгана прайшлі звыш 30 тыс. беларусаў, 800 з іх не вярнуліся дадому — адны былі забітыя, іншыя да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак. Віцебшчына пазбавілася 160 сваіх сыноў. Таму 15 лютага — гэта не проста сустрэча аднапалчан, якія ваявалі разам, але і магчымасць аддаць даніну пашаны баявым таварышам, якія загінулі смерцю храбрых пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу, — сказаў старшыня Віцебскага гарвыканкама Вадзім Заранакін.
— Дзень вываду войскаў з Афганістана — гэта адначасова і свята для тых, каму пашанцавала вярнуцца дадому жывымі, і дзень смутку аб загінуўшых, — паведаміў старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерыян Мацкевіч. — Тая вайна назаўжды застанецца ў гісторыі нашай краіны, бо яна напісана крывёю сотняў беларускіх салдат, слязамі маці і сірот, якія засталіся без мужоў і бацькоў. Першымі савецкімі воінамі на афганскай зямлі сталі вайскоўцы 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі і лётчыкі 339-га палка ваенна-транспартнай авіяцыі, якія дыслакаваліся ў нашай вобласці. Таму першыя пахавальні пачалі прыходзіць на нашу зямлю.
Мітынгі, ускладанне вянкоў і кветак да мемарыялаў воінам-інтэрнацыяналістам прайшлі ў кожным раёне вобласці.
15 лютага 1989 года апошні савецкі салдат перайшоў мост памежнай ракі Амудар'я пад Тэрмезам — тым самым завяршыўся вывад абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з Афганістана. Баявыя дзеянні доўжыліся больш за 9 гадоў і лічацца самымі працяглымі ў ХХ стагоддзі.