У Віцебску ўшанавалі памяць ахвяр аварыі на Чарнобыльскай АЭС
Трагедыя адбылася ва Украіне, але не абышла бокам Беларусь. Краіна панесла вялікія страты, шмат населеных пунктаў трапілі ў зону адсялення. Пасля распаду Савецкага Саюза ўлады суверэннай рэспублікі выдаткавалі велізарныя сродкі на аздараўленне пацярпелых і ачышчэнне забруджаных земляў.
Свой уклад у барацьбу з наступствамі аварыі зрабіла Віцебшчына. Каля 3 тыс. жыхароў вобласці працавалі на месцы выбуху, у нашым рэгіёне знайшлі прытулак і працу звыш 1,5 тыс. перасяленцаў.
— Чарнобыль стаў для ўсяго свету, а асабліва беларусаў, украінцаў і расіян, сінонімам гора і смерці. Яго наступствы мы да гэтага часу адчуваем на сабе. Таму штогод аддаём даніну памяці тым, хто нас абараняў ад гэтай пагрозы, мінімізаваў яе наступствы. Акрамя таго, хацелася б нагадаць пра сем'і, якія вымушаны былі пераехаць і пачынаць сваё жыццё літаральна з нуля на новым месцы, — сказаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў. — Сёння мы сабраліся ля помніка загінулым супрацоўнікам міліцыі не выпадкова. У тыя гады пажарная служба, работнікі якой аднымі з першых прыбылі ліквідаваць аварыю, уваходзіла ў сістэму МУС.
З першых дзён на лакалізацыю аварыі на ЧАЭС былі кінуты супрацоўнікі сілавых структур Віцебшчыны.
— Пасля аварыі ў Прыпяці, Чарнобылі і прылеглых тэрыторыях было ўведзена надзвычайнае становішча, як у ваенны час. Ратавальнікі, міліцыянеры, вайскоўцы, спецыялісты розных ведамстваў, ахвяруючы сваім здароўем і жыццём, з першых дзён рабілі ўсё магчымае, каб абараніць суайчыннікаў і краіну ад яшчэ большай шкоды, — адзначыў падпалкоўнік унутранай службы ў адстаўцы Сяргей Арцюхоўскі. — Я, як і многія іншыя члены дзясяткаў зводных атрадаў УУС аблвыканкама, трапіў на месца НС у сярэдзіне 1986 года. Займаўся ў асноўным эвакуацыяй насельніцтва з заражаных тэрыторый. Многія не разумелі, чаму трэба з'язджаць з родных мясцін, пакідаць жывёлу і дамы. Прыходзілася тлумачыць і ўгаворваць, займацца аховай пакінутых жылляў і маёмасці ад марадзёраў.
Таксама Сяргей Леанідавіч упэўнены, што самаадданая праца ліквідатараў дазволіла выратаваць жыцці дзясяткаў тысяч чалавек, якіх у найкароткія тэрміны вывезлі з небяспечнай зоны.
Выбух на атамнай электрастанцыі здарыўся ўночы 26 красавіка 1986 года з-за фатальных памылак пры правядзенні выпрабаванняў. Аварыі ў Чарнобылі МАГАТЭ прысвоіла максімальны ўзровень ядзерных падзей — 7 балаў.