У Віцебску ўшанавалі памяць ахвяр фашысцкіх лагераў ля мемарыяла «5-ы полк»

У Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў у Віцебску на святым для кожнага гараджаніна месцы, дзе размяшчаўся лагер смерці «5-ы полк», прайшло традыцыйнае мерапрыемства памяці ахвяр нацызму.

Упершыню мерапрыемства прайшло без ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. І, па словах старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Церанцьева, грамадскае аб'яднанне былых непаўналетніх вязняў фашызму прыняло правільнае рашэнне: не падвяргаць выпрабаванням здароўе пажылых людзей падчас складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі.

- У Віцебскай вобласці пражываюць 3200 былых вязняў канцлагераў. У асноўным гэта былыя малалетнія вязні, але цяпер ім ужо больш за 80 гадоў. Практычна ўсім ім ужо выплачана матэрыяльная дапамога, да 9 мая яны таксама атрымаюць медаль да 75-годдзя Перамогі, - адзначыў у гутарцы з журналістамі У. Церанцьеў.


Прадстаўнікі ўлады – Уладзімір Церанцьеў, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін, старшыня гарвыканкама Вадзім Заранкін, старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Белевіч, а таксама старшыня абласной арганізацыі ветэранаў Сяргей Ольсевіч, старшыня гарадскога савета грамадскага аб'яднання ветэранаў Ларыса Аленская – сабраліся, каб ускласці вянкі і кветкі да манумента і ўшанаваць памяць тых, хто загінуў у канцлагерах, а гэта па розных ацэнках 11-12 мільёнаў ахвяр.

Лагер смерці «5-ы полк» дзейнічаў з пачатку акупацыі і да вызвалення Віцебска ў 1944 годзе. Тут нацысты жорстка замучылі і расстралялі дзясяткі тысяч грамадзян.