У Віцебску ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа
Гэты мемарыяльны комплекс на стромкім беразе Заходняй Дзвіны адносіцца да аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Віцебшчыны. Тут спачываюць 16 афіцэраў, у тым ліку тры Героі Савецкага Саюза Іван Сівакоў, Іван Янушкоўскі і легендарны Мінай Шмыроў – адзін з арганізатараў партызанскага руху, ганаровы жыхар Віцебска.
Першыя пахаванні ажыццяўляліся ў канцы чэрвеня 1944 года, адразу пасля вызвалення горада. У 1956 годзе былі ўстаноўлены дзве скульптуры салдат са схіленымі сцягамі. Сімвалічна, што мемарыял у гонар герояў Вялікай Айчыннай узвялі каля помніка абаронцам Айчыны ў вайне 1812 года.
– Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа – скорбная дата. 83 гады таму фашызм зрабіў спробу знішчэння нашай нацыі, – сказаў Аляксандр Субоцін. – Гэта быў загадзя распрацаваны, абдуманы і мэтанакіраваны план генацыду, знішчэння людзей, рабавання нацыянальнага багацця краіны, ліквідацыі дзяржаўнага ладу. На захопленай тэрыторыі нацысты парушылі ўсе міжнародныя прававыя нормы. Злачынствы акупантаў па сваёй масавасці і страшнай жорсткасці не ведалі сабе роўных у найноўшай гісторыі. Варварскімі метадамі планамерна знішчаліся і раскрадаліся ўстановы культуры і навукі, адукацыі. У цяперашні час даследчыкі лічаць, што за гады Вялікай Айчыннай вайны загінула ад 2,5 да 3 і больш млн жыхароў Беларусі, то ёсць кожны трэці.
Кіраўнік вобласці таксама падкрэсліў, што ў гэты дзень разам з горыччу страт мы адчуваем і гонар за сваіх продкаў. Беларусь памятае, якой цаной дасталася свабода і хто нам яе падарыў. Пакуль жывая памяць аб тых часах, гераізме і мужнасці беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, на нашай зямлі будуць спакой і згода.
У мітынгу таксама прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, дэпутаты, кіраўніцтва горада і раённых адміністрацый, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці, святары, моладзь.