У Віцебску з'явілася мемарыяльная дошка народнаму мастаку Беларусі Паўлу Масленікаву
Сёння Віцебск серыяй мерапрыемстваў адзначае 100-годдзе з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама.
Так, па вул. Суворава, 3 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі мастаку, які з 1934 па 1938 гады вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Дошку выканаў мінскі скульптар Павел Лук. На ёй выяўлены партрэт мастака на фоне прыроды, паколькі Павел Масленікаў вядомы як майстар пейзажу. Мемарыяльная дошка выраблена за сродкі блізкіх сваякоў мастака - яго роднай дачкі, доктара мастацтвазнаўства, загадчыцы кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Веры Пракопцавай, а таксама яе мужа Уладзіміра Пракопцава, дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Муж і жонка прыехалі ў Віцебск, каб прысутнічаць пры адкрыцці мемарыяльнай дошкі.
Акрамя таго, у гэты ж дзень у карціннай галерэі Віцебскай абласной бібліятэкі ім. Леніна пройдзе адкрыццё выставы жывапісу П.В. Масленікава з фондаў Магілёўскага абласнога мастацкага музея, які носіць імя майстра, і тэатральных дэкарацый, створаных ім у гады працы мастаком-дэкаратарам. На выставе Вера Пракопцава прэзентуе дзве свае кнігі "Павел Масленікаў" (2014 г.) і "Павел Масленікаў. Мастак у люстэрку часу" (2013 г.). Акрамя таго, адбудзецца паказ мастацка-дакументальнага фільма "Сёмае неба Паўла Масленікава" (Тэлерадыёкампанія "Магілёў", 2014 г.), запланавана спецыяльнае гашэнне першага дня выпушчанай з такой нагоды маркі з партрэтам Паўла Масленікава на тэматычным мастацкім канверце.
Кацярына Князева