У Віцебску з'явілася міні-паліклініка на колах
Перасоўная міні-паліклініка з'явілася ў абласнога дыягнастычнага цэнтра. Сучаснае дарагое абсталяванне змантавана ў велізарным аўтафургоне на базе шасі аўтамабіля МАЗ.
Інавацыя беларускай навукова-вытворчай фірмы "Адані" абышлася абласному бюджэту ў 4 мільярды 150 мільёнаў рублёў.
Віцебская вобласць набыла комплекс першай, да гэтага існаваў толькі выставачны варыянт. Ён прызначаны для ранняга выяўлення рака рэпрадуктыўнай сістэмы чалавека, які займае ў анкапаталогіі лідзіруючае месца.
Абследаваннем стану здароўя насельніцтва па месцы жыхарства ў самы бліжэйшы час зоймуцца выязныя брыгады спецыялістаў дыягнастычнага цэнтра. Як распавёў яго галоўны ўрач Уладзімір Арэх, комплекс камп'ютарызаваны і ўключае кабінеты мамaграфіі, ультрагукавых даследаванняў, біяхімічную лабараторыю, працоўныя месцы медрэгістратара і ўрача-гінеколага з магчымасцю выконваць кальпаскапію.
Па словах начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрыя Дзеркача, ранняе выяўленне рака малочнай і прадсталёвай залоз шляхам рэалізацыі скрынінгавай праграмы дазволіць цалкам вылечваць хворых і істотна знізіць затраты на дарагое лячэнне пацыентаў, неабходнае пры запушчаных стадыях рака. Гэта істотна скароціць смяротнасць насельніцтва і выхад на інваліднасць.
Правесці скрынінг жыхароў пэўных узроставых катэгорый у адным раёне цяпер магчыма за паўтары-два тыдні. Першым у маршруце значыцца Лепель. Вынікі абследавання і неабходныя лекарскія рэкамендацыі пацыентам будуць выдаваць адразу, на месцы.
У далейшым плануецца выкарыстоўваць перасоўны комплекс і для дыягностыкі жыхароў Смаленскай і Пскоўскай абласцей. Яго акупнасць рэальная за тры гады.
Вера Мурашкіна, "Віцьбічы"