У Віцебску зьявіўся Музэй Мапэдаў
Музей мапедаў Уладзіміра Мячына існуе каля 5 гадоў, а ў Віцебску ён адкрыўся на Дзень касманаўтыкі, 12 красавіка 2015 года.
- Каб лёгка было запомніць дату адкрыцця, - растлумачыў сам Уладзімір.
Супрацоўнік маскоўскага музея індустрыяльнай культуры Уладзімір Мячын у будучыні плануе пабудаваць месца для такога цікавага захаплення на ўласнай зямлі. А пакуль арандуе месца для рэдкіх экзэмпляраў. Больш за 30 мапедаў і мотавеласіпедаў прадстаўлена на ўсеагульны агляд. Калекцыю дапаўняюць старыя цацкі (у тым ліку мініяцюрныя рэдкія машынкі), радыёапаратура і іншыя прадметы.
- Свой першы мапед я купіў выпадкова, потым яшчэ адзін. Зацікавіўся гісторыяй, а не эксплуатацыяй савецкай малалітражнай тэхнікі, пачаў збіраць інфармацыю, стварыў сайт. Сумленна гэтым мала хто займаецца, большасць цікавіцца аўтамабілямі і матацыкламі, - распавёў Уладзімір Мячын.
Уладзімір распавёў, што некаторыя экзэмпляры былі падораны, а найбольш цікавыя мадэлі ён купляе сам.
- Спадзяюся з часам пасадзіць дзяцей на два колы і выгадаваць спадкаемцаў, - дадаў калекцыянер.
Часова музей знаходзіцца на паркоўцы на праспекце Будаўнікоў, 15 (каля крамы «Еўраопт»). На выхадзе ўсіх наведвальнікаў Музея чакае прыемны сюрпрыз.
Патрапіць у Музей можна зусім бясплатна, АДНАК загадзя звязаўшыся з уладальнікам калекцыі па тэлефоне: +375-29-217-18-01
Карына Шлапакова, gorodvitebsk.by