У Віцебску з'явіўся паўночны алень
Адзіны ў нашай вобласці паўночны алень нядаўна пасяліўся ў Цэнтры верхавой язды ў віцебскім пасёлку Тулава, піша партал provitebsk.by.
Прыгожага аленяці зваць Норд, яму няма і года. Жывёлу пакуль трымаюць на прывязі - новы жыхар Цэнтра верхавой язды асвойваецца і знаёміцца з мясцовымі насельнікамі. Добра пазнае гаспадара Аляксандра, пасябраваў з поні, а вось з вярблюдзіцай Шарыдай яшчэ не. Двухгорбая паўднёўка, падобна, раўнуе да прышэльца з поўначы.
У Віцебску ягель не расце, таму Норд есць авёс, кару дрэў. Ваду не п'е, яе аленяці замяняе снег, якім ён любіць "ласавацца" на шпацыры.
Да лета Норд падрасце, і чакаецца, што ён зможа катаць дзяцей, а пазней, магчыма, і дарослых.