У Віцебску зьявіцца парк Пераможцаў
6 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Напярэдадні святкавання 65-годдзя Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Віцебску з'явіцца парк Пераможцаў. Пра гэта паведаміў сёння на сумесным пасяджэнні Прэзідыума Віцебскага аблсавета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Падарункам ветэранам і ўсім жыхарам абласнога цэнтра да свята стане адкрыццё першай чаргі плошчы Перамогі, якое запланавана на 8 мая 2010 года, і добраўпарадкаванне парка Пераможцаў, у які будзе перайменаваны цяпер існуючы сквер імя М.Калініна. Напярэдадні 9 мая таксама прадугледжваецца перайменаваць парк імя Леніна ў парк імя Героя Савецкага Саюза Міная Шмырава. Пры гэтым ні пра якое перайменаванне плошчы Леніна і аднайменнай вуліцы гаворкі не ідзе, падкрэсліў губернатар.
У 2010 годзе ў Віцебску будуць добраўпарадкаваны 7 паркаў, а ў цэлым па гарадах, пасёлкам і сёлам вобласці запланавана высадзіць каля 1 млн. дрэў і кустоў. -0-