У Віцебску пасля рэканструкцыі адкрылі палац дзяцей і моладзі і спорткомплекс у тэхнічным каледжы
Падарункам да новага навучальнага года для падрастаючага пакалення Віцебшчыны стала адкрыццё двух важных аб'ектаў. Для педагогаў, таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак расчыніў дзверы абноўлены Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі, а навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа змогуць трэніравацца ў новым спорткомплексе.
Свет творчасці і крэатыву
Прасторныя светлыя кабінеты для заняткаў выяўленчым мастацтвам, ляпкай і іншымі відамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, зала для ўсходніх адзінаборстваў і ўрокаў па выжыванні, рэпетыцыйныя залы для інструментальных і вакальных музычных калектываў, уласная гуказапісвальная студыя, вялікая сцэна і прасторная зала для гледачоў – пасля капітальнага рамонту з рэканструкцыяй у абласным палацы дзяцей і моладзі створаны максімальныя ўмовы для творчага развіцця і рэалізацыі здольнасцей школьнікаў усіх узростаў, навучэнцаў і студэнтаў.
У агульнай складанасці на рамонт будынка і аснашчэнне неабходным абсталяваннем выдаткавана каля 3,2 млн рублёў. У новым навучальным годзе тут будуць функцыянаваць больш за 450 аб'яднанняў па інтарэсах, у якіх змогуць займацца каля шасці тысяч школьнікаў.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома адзначыў, што гэтак маштабныя пераўтварэнні, рамонт і рэканструкцыю абласны палац дзяцей і моладзі перажыў упершыню за 50 гадоў існавання.
Ганаровымі гасцямі цырымоніі адкрыцця сталі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў і старшыні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў.
– У абноўленым будынку штодня будуць займацца дзве тысячы дзяцей. Наша задача, улады і педагогаў, якія працуюць з дзецьмі, – стварыць умовы для таго, каб іх творчыя здольнасці раскрыліся і развіваліся. Гэта дапаможа падрастаючаму пакаленню вызначыцца з выбарам далейшага шляху, знайсці сябе ў жыцці, не змарнаваць час дарма, – адзначыў кіраўнік вобласці.
Мікалай Шарснёў падарыў юным кінематаграфістам і пачаткоўцам блогерам прафесійную відэакамеру для будучай студыі, а кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны Уладзімірцеранцьеў уручыў дырэктару абласнога палаца дзяцей і моладзі Дзмітрыю Андрэеву сертыфікат на набыццё пяці інструментаў для цымбальнага аркестра.
Вершыні пакораюцца амбіцыйным
Крыху больш за паўгода спатрэбілася на тое, каб у Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы з'явіўся новы спорткомплекс. Першую чаргу аб'екта – спортзала для гульнявых відаў спорту, баксёрскі рынг, сучасныя камфортныя раздзявалкі і душавыя адкрылі да пачатку навучальнага года.
Як распавяла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце каледжа Вольга Арышчан, у студзені гэтага года пасля візіту ва ўстанову адукацыі Мікалая Шарстнёва ў будынку былога ліцэя, перададзенага каледжу, пачаліся маштабныя пераўтварэнні. Усе будаўнічыя і аздабляльныя работы былі выкананы сіламі навучэнцаў архітэктурна-будаўнічага аддзялення і майстрамі вытворчага навучання.
– Па чарзе падчас вытворчых практык былі задзейнічаны больш за 90 маладых людзей, якія замацавалі набытыя прафесійныя навыкі і выканалі работ больш чым на 180 тыс. рублёў, эканомія бюджэтных сродкаў склала парадку 200 тыс. рублёў, а ўсяго на аб'екце, уключаючы спартыўны інвентар і абсталяванне, асвоена 500 тыс. рублёў, – падкрэсліла Вольга Ігараўна.
Дзмітрый Хома адзначыў, што на прыкладзе тэхнічнага каледжа старшыням гар- і райвыканкамаў прадэманстравалі, наколькі важная роля кіраўніка ўстановы адукацыі ў працэсе арганізацыі работы і вырашэння пастаўленых задач. Дзмітрый Леанідавіч падкрэсліў, што пры будаўніцтве новага спорткомплекса за бюджэтныя сродкі былі набыты толькі матэрыялы, усё астатняе зроблена сіламі навучальнай установы.