У Віцебску прадстаўлены новы кіраўнік консульства Латвійскай Рэспублікі

В Витебске представили нового руководителя  консульства Латвийской Республики

Ранейшая консул Дагнія Лацэ-Атэ адпрацавала ў нашым абласным цэнтры 3,5 года. За гэты час сувязі з Латвіяй значна ўмацаваліся. Як запэўніў новы кіраўнік дыпмісіі Угіс Скуя, ён таксама настроены на далейшае развіццё дзелавых і культурных адносін дзвюх суседніх краін.

Спадар Скуя ўпершыню ўзначальвае консульства, да гэтага ён працаваў у Бельгіі ў Брусэлі пры прадстаўніцтве Латвіі ў Еўрасаюзе. Яго дыпламатычны стаж больш за 12 гадоў. Раней яму даводзілася бываць у камандзіроўках у Беларусі, наведваў ён і горад на Дзвіне, які яму спадабаўся з першага погляду.

– Калі мне прапанавалі працаваць у Віцебску, пагадзіўся без раздумванняў. Я тут бываў двойчы: напачатку 2000-х і гады два таму. Быў уражаны, як змяніўся горад, якім дагледжаным стаў, як шмат зроблена за апошні час, – расказаў Угіс Скуя.

У размове з консулам мы пацікавіліся, на чым ён плануе завастрыць увагу ў сваёй дзейнасці.

– На кантактах самакіраванняў латвійскіх і беларускіх гарадоў, а таксама развіцці культурных сувязей. Ведаючы, што буду працаваць у Віцебску, яшчэ ў Рызе думаў, якія калектывы можна сюды запрасіць. Першым вялікім мерапрыемствам для мяне ў якасці консула стане святкаванне 18 лістапада Дня незалежнасці Латвіі. Плануецца, што актыўны ўдзел прыме даўгалпілскае самакіраванне, – адказаў спадар Скуя.

Як высветлілася, ён захапляецца музыкай, з дзяцінства спяваў у хоры і хацеў бы ўсталяваць больш цеснае супрацоўніцтва паміж калектывамі Латвіі і Віцебшчыны. Магчыма, гэта будзе сумесны свята харавой музыкі. Новы консул таксама любіць тэатр і ўжо завочна, праз Інтэрнэт, пазнаёміўся з коласаўскай трупай. Ён запэўніў, што будзе спрыяць абмену творчымі калектывамі.

Зараз у консульстве гарачая пара – на лета і пачатак восені многія плануюць паездкі за мяжу. А, як вядома, у Віцебску можна адкрыць візы не толькі ў Латвію, але і ў Польшчу, Іспанію, Эстонію, Францыю, Нідэрланды і Славенію. У сувязі з неабходнасцю здаваць біяметрычныя даныя (адбіткі пальцаў) на апрацоўку дакументаў стала патрабавацца больш часу. Як растлумачыў Угіс Скуя, пакуль і супрацоўнікі консульства, і кліенты вучацца працаваць з новай тэхнікай, таму чарга жадаючых атрымаць шэнгенскую візу ідзе не так хутка, як хацелася б. Але існуе папярэдні запіс у Візавым цэнтры афіцыйнага сэрвіс-правайдара консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску «Поні Экспрэс».

– Мы рады, калі жыхары Віцебшчыны едуць у Латвію, да сваякоў, па справах, у якасці турыстаў, і стараемся, каб яны не адчувалі вялікіх нязручнасцей пры атрыманні візы, – сказаў консул.

Пакуль справы не дазволілі яму бліжэй пазнаёміцца з паўночнай сталіцай Беларусі, але Угіс Скуя ўжо пабываў у музеі Марка Шагала, Цэнтры сучаснага мастацтва, прысутнічаў на адкрыцці выставы латвійскай мастачкі з беларускімі каранямі Ганны Пейпіні. У бліжэйшы час спадар Скуя плануе лепш пазнаць прыдзвінскі край, паглядзець славутасці абласнога цэнтра.

Таццяна Пастэрнак. Фота Антона Сцепанішчава, «Віцебскія весці».