У Віцебску прыпынена дзейнасць аб'ектаў сетак «Родная Сторона», «Мегатоп», «Ома», а цяпер яшчэ і крамы «Кенгуру».
Апошнім часам у рэспубліканскай прэсе даволі часта з'яўляюцца паведамленні аб тым, што Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь прыпыняе дзейнасць тых ці іншых крам па ўсёй краіне за парушэнні заканадаўства. Пад прыцэл трапляюць буйныя гандлёвыя сеткі.
У Віцебску такія крайнія меры прымяняліся да крам «Родная Сторона», «Мегатоп», «Ома». А днямі на некаторы час быў зачынены гандлёвы аб'ект ужо мясцовага ўласніка – спецыялізаваны магазін дзіцячых тавараў «Кенгуру». Асноўныя прычыны: рэалізацыя тавараў з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці, невыкананне асартыментнага пераліку і неабгрунтаваны рост цэн.
А галоўны матыў нязменны – абарона правоў спажыўцоў.
Як адзначыла начальнік упраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Ірына Леўковіч, ужосточэнне адказнасці за грубыя парушэнні прадугледжана пастановай Саўміна ад 19.12.2014 №1207, а таксама Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 05.12.2014 №567, які пашырае паўнамоцтвы Міністэрства гандлю і санітарных службаў. Згодна з дакументам міністр і яго намеснікі, галоўны санітарны лекар краіны і яго намеснікі, галоўныя санітарныя лекары абласцей атрымалі права на прыпыненне дзейнасці любога аб'екта гандлю з-за сур'ёзных парушэнняў. У першую чаргу сёння асаблівая ўвага надаецца такім аспектам, як недапушчэнне рэалізацыі прадукцыі з пратэрмінаванымі тэрмінамі прыдатнасці, наяўнасць айчынных тавараў згодна з асартыментным пералікам, які хоць і вызначаецца самім суб'ектам гаспадарання, але павінен адпавядаць пэўным патрабаванням, а таксама недапушчэнне росту цэн, якія павінны быць зафіксаваны на ўзроўні 18 снежня 2014 года.
– Маніторынг выканання гэтых патрабаванняў на пастаяннай аснове ў кожнай вобласці праводзяць гандлёвыя інспекцыі (тэрытарыяльныя аддзелы кантролю ўпраўлення кантролю спажывецкага рынку), якія падпарадкоўваюцца непасрэдна міністру гандлю. У полі зроку не толькі рэспубліканскія сеткавікі, у роўных умовах вядзецца праверка ўсіх гандлёвых аб'ектаў, якія функцыянуюць на тэрыторыі вобласці. Таму ўсе павінны быць гатовыя да таго, што калі раней за парушэнні выдавалі папярэджанні, прадпісанні, то сёння, як ужо паказала практыка, гэта можа скончыцца прыпыненнем дзейнасці. Так што варта ўважлівей ставіцца да выканання ўстаноўленых заканадаўствам патрабаванняў, – адзначыла Ірына Пятроўна.
Гандлёвай інспекцыяй па Віцебскай вобласці ў 2014 годзе праведзены пазапланавыя праверкі 286 аб'ектаў. У выніку за парушэнне правілаў складзена 407 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Сума штрафных санкцый – больш за 555 млн руб.
– Аднак не варта думаць, што раней не было адпаведнага кантролю. Проста зараз з'явіўся механізм, каб зрабіць кантрольную дзейнасць больш эфектыўнай і пераканаўчай для ўладальнікаў гандлёвых аб'ектаў. У цэлым жа гэта планамерная і сістэмная праца, у якой задзейнічаны многія зацікаўленыя структуры, у тым ліку і раённага звяна, куды можна звярнуцца, калі вы сталі сведкам парушэнняў, – падкрэсліла Ірына Леўковіч.
Кантроль на месцах вядзецца непасрэдна ўпраўленнем гандлю і паслуг аблвыканкама, гаррайвыканкамамі. За 2014 год праверана больш за 2 тысячы крам, кафэ і рэстаранаў, складзены 231 пратакол аб адміністрацыйных правапарушэннях, сума штрафных санкцый – 176 млн рублёў.
Вялікую працу па абароне спажыўцоў праводзіць Віцебскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, а таксама яго структурныя падраздзяленні ў рэгіёнах. У мінулым годзе спецыялісты праверылі суб'екты гаспадарання, якія ажыццяўляюць абарот харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў, у тым ліку імпартнай вытворчасці, у лабараторыях даследавалі пробы сыравіны і харчовых прадуктаў па санітарна-хімічных і мікрабіялагічных паказчыках. Даследаванні таксама праводзяць у дачыненні да нехарчовых вырабаў, такіх як адзенне, абутак, тканіны, тавары для дзяцей, палімерныя ўпаковачныя матэрыялы. У лістападзе, да прыкладу, было выяўлена 5 проб адзення для дарослых, якія не адпавядаюць патрабаванням гігіенічных нарматываў, забаронена рэалізацыя 36 адзінак тавару. Па фактах парушэнняў 87 службовых асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, выдадзена 305 прадпісанняў (рэкамендацый) па ліквідацыі парушэнняў, 84 прадпісанні аб прыпыненні (забароне) рэалізацыі 1926 адзінак прадукцыі.
Далучаюцца да кантрольных мерапрыемстваў і супрацоўнікі абласной інспекцыі Дзяржстандарту, якія правяраюць выкананне заканадаўства ў частцы бяспекі імпартных тавараў, што трапляюць у раздробную сетку.
Нашы пакупнікі могуць быць упэўнены, што пра бяспеку і выкананне іх законных правоў клапоцяцца пастаянна. Але вельмі шкада, што такія відавочныя рэчы, як недапушчэнне рэалізацыі прадукцыі з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці, трэба тлумачыць на мове прадпісанняў аб прыпыненні працы крамы.
Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"