У Віцебску прыступілі да чарговага этапу рэканструкцыі Полацкага пуцеправода
На будаўнічай пляцоўцы №1 у абласным цэнтры стартаваў чарговы этап па ўзвядзенні новага моста. Спецыялісты прыступілі да разборкі старых бетонных канструкцый. Работнікі знялі цэнтральную частку пралёта моста, цяпер ідуць работы на адной з бакавых. Для гэтага задзейнічаны два краны грузападымальнасцю 125 т.
"Работы праходзяць падчас "акон", калі чыгуначны транспарт не ходзіць. Каб паскорыць дэмантаж старога пуцеправода, мы раздзялялі канатнай рэзкай пралёт на некалькі бэлек. Цяпер гэтыя бетонныя збудаванні падвешваюцца на кранах і апускаюцца ўніз, дзе іх складаюць на суседнюю пляцоўку. У далейшым бэлькі раздробняць, але ў будаўніцтве моста іх выкарыстоўваць не будуць", - сказаў прараб філіяла МСУ №5 ААТ "Мастабуд" Дзмітрый Саманчук.
Дэмантажныя работы спецыялісты выконваюць з ювелірнай дакладнасцю, каб не пашкодзіць чыгуначныя шляхі. Цалкам разабраць мост будаўнікі маюць намер да пачатку наступнага тыдня. Акрамя дэмантажу пуцеправода, побач зносяць будынкі камбіната хлебапрадуктаў і некаторыя дамы. У другім паўгоддзі гэтага года спецыялісты разлічваюць пачаць узвядзенне апор моста і з боку вул. Цітова.
Полацкі пуцеправод пачалі будаваць у 2010 годзе, праз некаторы час з-за адсутнасці фінансавання работы спыніліся. У снежні 2018 года спецыялісты зноў прыступілі да работы. Плануецца, што даўжыня будучага моста з развязкамі на розных узроўнях складзе больш за 400 м, шырыня - 45 м. На пуцеправодзе будуць дзве паласы ў абодва бакі і трамвайныя шляхі. З'явіцца ў далейшым тут і падземны пераход. Мост будуецца вышэй за існуючы, што дазволіць у будучыні электрыфікаваць гэты ўчастак чыгункі. Усяго для выканання работ неабходна каля Br100 млн. У гэтым годзе збіраюцца асвоіць Br40 млн, астатнія - у 2020 годзе. Завяршыць усе работы плануецца да 2021 года.
Полацкі пуцеправод - цэнтральная транзітная артэрыя, якая злучае магістральныя вул. Касманаўтаў і вул. Цітова і Ленінградскую. Яны забяспечваюць як унутраныя, так і знешнія сувязі дарожнай сеткі Віцебска ў напрамку Полацка, Гарадка і Санкт-Пецярбурга. Мост больш за 10 гадоў знаходзіўся ў аварыйным стане. Па патрабаванні пракуратуры была праведзена праверка, спецыялісты высветлілі, што далейшая эксплуатацыя моста немагчымая. Рух для транспарту і пешаходаў закрылі 15 лістапада 2018 года.