У Віцебску пройдзе форум «Навучальны рэгіён»
31 студзеня - 1 лютага 2014 года ў Віцебску адбудзецца форум «Навучальны рэгіён».
Форум з'яўляецца выніковым мерапрыемствам праекта «Навучальны рэгіён: адукацыя для ўсіх пакаленняў», які рэалізуецца ў рамках падтрымкі Беларусі Федэральным урадам Германіі сумесна з беларускімі і нямецкімі партнёрамі, і падтрыманы Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам.
Мэта форуму – абмеркаванне магчымасцей укаранення канцэпцыі «Навучальны рэгіён/горад» у Беларусі, стымуляванне міжсектаральнага ўзаемадзеяння ў сферы дадатковай адукацыі, прэзентацыя адукацыйных праграм і праектаў, абмен вопытам.
Мерапрыемства збярэ на сваіх пляцоўках больш за 100 прадстаўнікоў мясцовых і абласных органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў адукацыі, культуры і сацыяльнай абароны, нядзяржаўных, некамерцыйных арганізацый, прыватных устаноў адукацыі, асацыяцыі наймальнікаў і працадаўцаў з мэтай абмеркавання магчымасцей укаранення канцэпцыі «Навучальны рэгіён/горад» у Беларусі.
У форуме возьмуць удзел эксперты з Беларусі, Літвы, Германіі.
Удзельнікі форуму змогуць азнаёміцца з канцэпцыяй «Навучальны рэгіён» і вопытам яе ўкаранення ў Германіі, а таксама з вынікамі даследавання «Адукацыйныя патрэбы жыхароў рэгіёна», праведзенага на тэрыторыях Віцебскай і Мінскай абласцей у 2013 годзе.
У рамках рабочых груп беларускія эксперты сумесна з замежнымі калегамі абмяркуюць пытанні кіравання дадатковай адукацыяй дарослых, ролю дадатковай адукацыі ў развіцці сельскіх тэрыторый і павышэнні якасці жыцця сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва, сувязь стратэгій устойлівага развіцця і адукацыйных праектаў.
Абмеркаванне перспектывы ўкаранення «Навучальны рэгіён» у Рэспубліцы Беларусь пройдзе ў фармаце «адкрытай прасторы».
Арганізатарамі форуму выступаюць: Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт, Прадстаўніцтва зарэгістраванага таварыства «Deutscher Volkschsul – Verband e. V.» у Рэспубліцы Беларусь, Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы, грамадскае аб’яднанне Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру, грамадская арганізацыя «Хрысціянскае брацтва дарослых і маладых», ДУДА «Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі», ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна г.Віцебска», УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. П.М.Машэрава», рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА».
30 студзеня 2014 года ў 15.00 па адрасе: г.Віцебск, вул.Праўды, 8а, аўд. 203 (ППМУ «Віцебскі навучальны цэнтр прафсаюзаў») адбудзецца прэс-канферэнцыя з арганізатарамі і ўдзельнікамі форуму. Заяўкі для акрэдытацыі на прэс-канферэнцыю дасылайце на наш e-mail: obluir@mail.ru.
Дадатковую інфармацыю аб форуме «Навучальны рэгіён» можна атрымаць у арганізатараў на e-mail: forum-vitebsk@mail.ru