У Віцебску пройдзе канцэрт гітарыста-віртуоза Антона Баранава

19 сакавіка ў Віцебскай абласной філармоніі з канцэртам выступіць лаўрэат міжнародных конкурсаў, адзін з вядучых расійскіх выканаўцаў-гітарыстаў новага пакалення, выкладчык Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі Антон Баранаў.

Музычны алімп Антон штурмаваў на міжнародных конкурсах выканаўцаў на класічнай гітары ў Францыі, Італіі, Іспаніі, Германіі, Ліхтэнштэйне, займаў першыя месцы на конкурсе гітарнай асацыяцыі Амерыкі (Guitar Foundation of America) і конкурсе імя Ф. Тарэгі. Усё гэта прынесла артысту канцэртныя ангажэменты, і ён у гэтым сезоне выступае па ўсім свеце.

У Віцебску Антон Баранаў выступіць упершыню, публіцы прадставіцца магчымасць пачуць у выкананні музыканта цудоўную праграму (І.К.Мерц, М.Лёбет, Э.Маралес-Каса, К.Маскардзіні, Г.Санторсола), ацаніць віртуозную ігру артыста і прыгажосць гучання унікальнага інструмента японскай дынастыі гітарных майстроў Коно-Сакурай.