У Віцебску пройдзе "Ноч музеяў"

17 мая 2014 года з 21.00 да 01.00 Віцебскі абласны краязнаўчы музей запрашае гараджан і гасцей Віцебска прыняць удзел у міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», якая сёлета праходзіць пад дэвізам «Музейныя калекцыі аб’ядноўваюць».

Мерапрыемствы адбудуцца ва ўсіх філіялах музея.

Адкрыецца акцыя ў 14.00 у Музеі-сядзібе І.Я. Рэпіна «Здраўнёва». Тут мерапрыемствы будуць прысвечаны 170-годдзю з дня нараджэння І.Я. Рэпіна і пачнуцца з ускладання кветак да помніка вялікаму мастаку. Адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу М.Эльяшэвіч. Затым са святочнымі праграмамі выступяць калектывы: Дзіцячай музычнай школы г.п. Руба, фальклорны калектыў «Глейна» (г.Гарадок), калектыў народнай песні «Верхавяне» ААТ «Бройлерная птушкафабрыка» (п. Вярхоўе).

Па экспазіцыі музея адбудуцца тэатралізаваныя экскурсіі і акцыя «Ажылыя карціны І.Я. Рэпіна»

Будуць праходзіць майстар-класы: пейзаж у тэхніцы акварэлі (Ф.Гумен), выцінанка (майстар Е.Г.Шушарт), ткацтва беларускіх паясоў (майстар М.І.Ярмух), разьбяная драўляная скульптура (самадзейны разьбяр Саўчанка Л.А.), пейзаж тушшу (М.Эльяшэвіч), пленэр вучняў Дзіцячай школы мастацтваў №3 г.Віцебска «Маладзік».

У праграме карагоды, народныя гульні, песні (студэнцкае этнаграфічнае аб’яднанне «Поўнач», г. Віцебск), спаборніцтвы па гарадочках, кракеце, дартсе, шахматах, шашках.

Можна будзе паспрабаваць стравы нацыянальнай беларускай кухні (ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка»).

Скончацца мерапрыемствы ў 19.00.

У 17.00 адбудзецца адкрыццё акцыі ў ратушы.

У праграме: адкрыццё выставы «Рарытэты музея» (17.20), дэфіле калекцыі касцюмаў «Віцебск», тэатралізаваныя мініяцюры на тэмы ВАВ, спектакль «Трыбунал» (па п’есе А.Макаёнка, 19.00).

У экспазіцыях музея на працягу ўсяго мерапрыемства будуць праводзіцца: майстар-клас па ткацтве, майстар-клас «Беларускія абярэгі», гульні «этна-пазлы» і этнаанімацыя, конкурс «Баявы лісток анлайн», майстар-клас «Адраджэнне старой фатаграфіі» (фатограф У.Б. Андрэеў), гульні і віктарыны «Жывёльны свет Віцебскага краю», майстар-клас па арыгамі, сустрэча з біёлагам, таксідэрмістам У.П. Біруковым.

Ваеннаслужачыя 103-й мабільнай брыгады ВДВ навучаць разбіраць і збіраць аўтамат Калашнікава, апранаць супрацьгаз і АЗК (агульнавайсковы ахоўны камплект).

У фотаатэлье «Вытанчаная светлапіс» можна будзе зрабіць фота ў стылі канца XIX – пачатку XX ст. і ў вобразе персанажаў карцін вядомых мастакоў.

Усе, хто неабыякавы да гісторыі і культуры Віцебшчыны, зможа ўнесці асабісты ўклад у папаўненне музейных калекцый і прыняць удзел у акцыі-конкурсе «Падарунак музею», якая будзе праводзіцца па ўмовах, размешчаных на сайце музея.

Мерапрыемствы працягнуцца да 20.00, але да 23.00 за асобную плату можна будзе здзейсніць уздым на назіральную пляцоўку вежы ратушы і палюбавацца Віцебскам з вышыні птушынага палёту.

У 20.00 акцыя працягнецца ў Мастацкім музеі, дзе адбудзецца адкрыццё выставы вышыўкі першай паловы XIX стагоддзя «Жаночых рук вытанчанае стварэнне».

На працягу мерапрыемства будуць праходзіць майстар-класы вядомых мастакоў Віцебска (Ф. Гумен, Л. Кавальчук, А. Малея, В. Варабчук, Л. Сарокінай), тэатралізаваныя кампазіцыі «Ажылыя карціны». Можна будзе наведаць арт-кропкі: “Пантоміма”, “Беларускія нацыянальныя ўзоры”. “Фотаздымак на памяць”, “Бліц-партрэт”, “З гісторыі касметыкі і макіяжу” - “Lambre” і тэатральныя паўзы пад музыку шансона. Адбудзецца дэфіле Студыі авангарднай моды “Фларыяль” (20.30).

Аматары вакалу і танцаў XIX стагоддзя змогуць атрымаць асалоду ад рускага рамансу ў выкананні артыстаў Віцебскай філармоніі (20.30) і прыняць удзел у танцавальным вечары-маскарадзе “Рэдуты. Клуб культурна-гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа” (23.00)

Адбудзецца акцыя “Тэрыторыя шакаладнага чараўніцтва” ад шакалатье Nikolya – стварэнне шакаладнай Эйфелевай вежы.

І скончыцца мерапрыемства апоўначы выступленнем фаер-шоу “AGNI SHOW”.