У Віцебску пройдзе абласны тур рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года»
24 кастрычніка 2013 года а 18.00 на базе Дома культуры УА «Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны» пройдзе абласны тур рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года». Удзел у мерапрыемстве возьмуць лепшыя студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі вобласці, пераможцы ВНУ-этапаў конкурсу.
Даведка: першасныя арганізацыі ГА «БРСМ» вышэйшых навучальных устаноў вобласці аб'ядноўваюць больш за 10 тысяч актывістаў арганізацыі. У 2011 годзе ўпершыню быў праведзены рэспубліканскі конкурс «Студэнт года». Па выніках адборачных тураў і дасягнутых вынікаў у фінальным этапе конкурсу тытула «Студэнт года» рэспубліканскага маштабу была ўдастоена студэнтка УА «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт», актывістка ГА «БРСМ» Марына Сініца (Менжынская). У 2012 годзе ганаровае трэцяе месца ў фінальным этапе конкурсу заняла Вольга Маслак, студэнтка УА «Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт».
Правядзенне конкурсу стала добрай традыцыяй. У бягучым годзе адборачныя этапы выклікалі вялікую цікавасць як сярод арганізатараў, так і ў студэнцкім асяроддзі, бо кожны з гледачоў мог адчуць сваю прыналежнасць да агульнай справы і гонар за сваю навучальную ўстанову.
У абласным этапе ўдзельнікам і членам груп падтрымкі трэба будзе пазнаёміць шматлікіх заўзятараў і членаў журы са сваімі дасягненнямі і захапленнямі, здольнасцямі і талентамі ў конкурсе «Візітная картка», прадстаўленым у любой творчай форме.
Конкурс «Партфоліо» (завочны) пазнаёміць з дасягненнямі ўдзельнікаў у вучобе, творчасці, навуцы, спорце, грамадскай і даследчай дзейнасці, арыгінальна прадставіць канкурсантаў.
Аргументаваную пазіцыю па зададзенай тэме ўдзельнікам трэба будзе выкласці на працягу 20 секунд у конкурсе красамоўства і тым самым пераканаць членаў журы і заўзятараў у сваёй праваце і красамоўстве.
Найлепшыя моладзевыя ініцыятывы і праекты, якія папулярызуюць асноўныя напрамкі дзейнасці ГА «БРСМ», будуць у арыгінальнай форме прадстаўлены падчас конкурснага выпрабавання «Абарона праектаў».
Дапоўніць уяўленне пра студэнта выкананне пастановачнага нумара спартыўнай накіраванасці на тэму «Спорт – здаровы лад жыцця!» у конкурсе «Спартыўны МІКС».
Завяршальным этапам конкурснай праграмы стане дэманстрацыя творчых нумароў удзельнікаў і груп падтрымкі.
Акрамя таго, прыемным момантам стане дэманстрацыя «дамашняга задання» конкурсантаў - відэаролікаў гумарыстычнага характару на тэму «Я – студэнт!».
Да пачатку мерапрыемства шматлікім гледачам і заўзятарам будуць прадстаўлены унікальныя майстар-класы: «Мастацтва фатаграфіі», «Малады бізнесмен», «Прыгажосць у руху» (фітнес-трэнінг). Арганізатары выказваюць надзею, што ўдзел у майстар-класах дапаможа маладым людзям стаць паспяховымі і развіць у сабе лідарскія якасці.
Дадзены конкурс з'яўляецца значнай падзеяй у студэнцкім асяроддзі і накіраваны на развіццё і падтрымку ініцыятыў, інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу моладзі, выяўленне лідараў, папулярызацыю эфектыўных формаў удзелу моладзі ў грамадскім жыцці, а таксама спрыяе самарэалізацыі студэнтаў у галіне навукі, мастацтва і спорту.
Арганізатары: Віцебскі абласны камітэт ГА «БРСМ», УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава», УА «Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт», УА «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт», УА «Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны», УА «Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт», пярвіныя арганізацыі ГА «БРСМ» устаноў вышэйшай адукацыі вобласці.
Пераможца абласнога этапу конкурсу прыме ўдзел у рэспубліканскім (фінальным) туры «Студэнта года», урачыстае ўзнагароджанне і падвядзенне вынікаў якога адбудзецца ў межах святкавання Міжнароднага Дня студэнта.