У Віцебску пройдзе Х Міжнародная медыцынская канферэнцыя

Добрыя адносіны паміж урачом і пацыентам выбудоўваюцца на прынцыпах узаемнага даверу і ўзаемнай павагі. У гэтым крыецца сакрэт паспяховага выздараўлення, ад гэтага залежыць якасць жыцця пацыентаў, эфектыўнасць працы медыкаў. Праблемы ўрачэбнай этыкі становяцца ўсё больш актуальнымі ва ўмовах прыходу новых медыцынскіх тэхналогій, развіцця практычнай аховы здароўя, пагрозы страты традыцыйных маральных арыенціраў у сучасным грамадстве.

Медыкі і святары з Беларусі, Ватыкана, Італіі, Кітая, Польшчы, Расіі, Туркменістана, Шры-Ланкі ў чарговы раз збяруцца ў Віцебску на Х Міжнародную медыцынскую канферэнцыю, каб абмеркаваць пытанні біяэтыкі, прафілактыкі алкагалізму і наркаманіі, духоўныя аспекты барацьбы з абортамі і эўтаназіяй, прафілактыкі і лячэння ВІЧ і туберкулёзу.

Арганізатары канферэнцыі – Віцебская епархія Рымска-каталіцкага касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, упраўленне аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, аддзел па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкама, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. У працы канферэнцыі возьмуць удзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь архіепіскап Клаўдзіа Гуджэроці, віцэ-сакратар Папскага Савета па пастырскай апецы работнікаў аховы здароўя Ватыкана ксёндз Аўгуста Шэндзі, кансультант Папскага Савета Андрэа Крысціяні.

Адкрыццё адбудзецца 22 мая 2014 г. у 15.00 у вялікай зале пасяджэнняў аблвыканкама. Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя.