У Віцебску пройдзе XXVIII Міжнародны конкурс па спартыўных бальных танцах
Традыцыйна арганізатарамі «Віцебскай сняжынкі» выступаюць Беларуская федэрацыя танцавальнага спорту, аблвыканкам, Віцебскі гарвыканкам, Цэнтр культуры «Віцебск» і ГА «Клуб спартыўнага танца «Фэст». Дзіцячыя, юніёрскія і дарослыя пары выйдуць на паркет КЗ «Віцебск» 19 і 20 студзеня. У іх выкананні гледачы змогуць убачыць лацінаамерыканскую і еўрапейскую праграмы. Самым малодшым удзельнікам 7 гадоў, а старэйшыя пакажуць майстар-клас у намінацыі «Сеньёры». У танцавальным турніры выступяць таксама дуэты, якія маюць сусветную кваліфікацыю. Выявяць лепшых суддзі міжнароднага класа.
Варта адзначыць, што сёлета значна пашырылася геаграфія ўдзельнікаў. Віцебск наведаюць не толькі прадстаўнікі Расіі, Украіны і Прыбалтыкі, але і танцоры з Фінляндыі, Чэхіі, Іспаніі, Турцыі, Грэцыі і іншых краін.
– Трохі змянілася канцэпцыя арганізацыі турніру. Мы імкнуліся да таго, каб танцавальныя пары як мага большай колькасці дзяржаў змаглі наведаць наш горад, убачыць яго прыгажосць, – патлумачыла ініцыятар фестывалю, кіраўнік ГА «Клуб спартыўнага танца «Фэст» Наталля Тоўсташава.