У Віцебску прайшоў арт-праект #СупрэмStorm ноч

Інтэрактыўны, мультыжанравы арт-праект #СупрэмStorm_ночь сабраў у канцэртнай зале «Віцебск» аматараў сучаснага мастацтва. Традыцыі УНОВіС (Уцвярджальнікі НОВАга МАстацтва) працягваюцца.

 


Мастакі, дызайнеры, перформеры, музыканты, дыджэі, аўтары, артысты і гледачы аб'ядналіся ў адзіным творчым парыве. Праект суцэльных эксперыментаў стварыў асаблівы крэатыўны настрой, даў магчымасць кожнаму знайсці адпачынак для душы.

Як сказала кіраўнік праекта Уладзіслава Цвікі, традыцыйна #СупрэмStorm_ночь адкрываецца арт-баттлам. І гэты раз не стаў выключэннем: у цэнтральным холе мастакі пісалі карціны на вачах у гледачоў.

– Многія з вас былі ў пазамінулым годзе на нашым СупрэмStormе, прысвечаным 100-годдзю аб'яднання УНОВіС, якое Малевіч стварыў у Віцебску ў 1920 годзе. І сёння мы працягваем серыю СупрэмStormаў і прысвячаем усім вучням Малевіча. Гэта культавае аб'яднанне, якім мы можам ганарыцца як мастацкай гісторыяй нашага горада. Тэма сённяшняга арт-баттла «Лёгка і проста. COSMO». Малевіч меркаваў, што супрэматызм – гэта мастацтва аэраплана, а яго вучні сказалі, што супрэматызм – гэта мастацтва космасу, – задала касмічна-супрэматычную накіраванасць мастакам доктор мастацтвазнаўства, прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Таццяна Котавіч.

 


На сценах фае канцэртнай залы «Віцебск» размясцілася выстава плакатаў «Ляцелі два квадраты. Казка» ў суправаджэнні неймаверных інсталяцый. Нават размаляваны ўнітаз стаў арт-аб'ектам. Экспазіцыя ўяўляе сабой работы міжнароднага конкурсу, прысвечаныя Эль Лісіцкаму, які правяла кафедра дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Як даніна Чырвонаму і Чорнаму квадратам стала выстава трынаццаці беспрадметных карцін маладога мастака Мікіты Яфіменкі, які вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, пісаў карціны ў Маскве, але першую выставу вырашыў правесці ў родным горадзе, таму што, перакананы, што яна абсалютна пра Віцебск.


Для тых, хто хацеў абстрагавацца ад гарадскога шуму і расслабіцца, Грэгар Гудкоў падрыхтаваў аўдыё-візуальны тэхна-перформанс і візуальную медыя-інсталяцыю GongApeiron.

На працягу вечара на ўсіх пляцоўках канцэртнай залы «Віцебск» моладзевы тэатр «Кола» ствараў перформансы «Супрэматычная зямля» і «Праун Данііла Хармса», а калектыў BARAВAND дадаў фесту ўдарна-гукавога драйву.




А 20.00 аматарам патанцаваць прапанавалі адпачыць на вечарынцы з жывым гукам AfterParty. Уласную танцавальную музыку папулярных сучасных стыляў прадставілі DJ DMB, DJ S3zh, Dj S.Suhov, DJ Jam, DJ Pasha, MС Flyer і іншыя. Спецыяльны госць вечара – «DE PUTA MADRE BANDA». Дыскатэка працягнецца да другой гадзіны ночы.

Падчас #СупремStorm_ночь прэзентавалі публічны конкурс «+4.500» на лепшую дызайн-канцэпцыю, наймінг і архітэктурнае напаўненне арт-прасторы, якой стане дах бізнес-цэнтра «Марка-Сіці». Арганізатары кінулі заклік студэнтам, дызайнерам, архітэктарам: «Нам патрэбны вашы творчыя ідэі». Пляцоўка павінна ажыць, напоўніцца асаблівым духам творчага Віцебска, стаць сучаснай і зручнай. Дэклайн – 1 чэрвеня 2022 года. Пераможца ў кожнай з трох намінацый атрымае графічны планшэт. Іх імёны абвесцяць на Дзень горада. Нагадаем, што свой дзень нараджэння Віцебск адзначае 26 чэрвеня. Па дамоўленасці кіраўніцтвам холдынгу «Марка» лепшы праект увасобяць на даху «Марк-Сіці».

Праект удаўся, і цяпер арганізатары плануюць зрабіць #СупремStorm_ночь рэгулярным фестывалем, які аб'яднае творчых людзей.