У Віцебску прайшоў фестываль «У адзінстве пакаленняў – сіла краіны»
Як паведаміла старшыня абласной арганізацыі ГА «БРПА» Ірына Аленская, фестываль – гэта ініцыятыва галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і Віцебскай абласной арганізацыі Грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя». Мерапрыемства накіравана на ўмацаванне сувязяў паміж пакаленнямі, агульначалавечых каштоўнасцей, нацыянальнай самасвядомасці.
Асноўным дзеяннем фестывалю стаў канцэрт з удзелам творчых калектываў устаноў адукацыі Віцебшчыны, групы Віцебскага гарадскога грамадскага аб’яднання пажылых людзей «Залаты ўзрост», ансамбля «103-і рэгіён» 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.
– Калі мы адзіныя, мы непераможныя, і час з году ў год, з сітуацыі ў сітуацыю, даказвае гэта вечнае правіла, – адзначыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч, звярнуўшыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму. – У адзінстве сіла. У адзінстве думкі, поглядаў і дзеянняў.
– Удзел у такіх мерапрыемствах неабходны для дзяцей, – лічыць кіраўнік узорнага харэаграфічнага калектыву «Мікс» Дубраўскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Кірык – Гэты фестываль дэманструе сувязь пакаленняў і нагадвае пра подзвіг продкаў. Дзеці ўсведамляюць, што, толькі згуртаваўшыся, мы захаваем мірнае неба над галавой. Плюс удзел у такім праекце дае юным артыстам дадатковы сцэнічны вопыт.
Акрамя канцэрта на фестывалі было яшчэ нямала цікавага. Напрыклад, працавалі тэматычныя пляцоўкі БРПА – «Мы – будучыня Беларусі», БРСМ – «Беларусь – крыніца натхнення»; выстава народнай творчасці «Беларуская скарбніца», інтэрактыўная пляцоўка ”Мая гістарычная спадчына».