У Віцебску прайшоў кастынг нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь-2020»
Прадстаўніцы Віцебшчыны паказалі сябе не проста яркімі, якія адпавядаюць усім мадэльным параметрам дзяўчатамі, але і прадэманстравалі: іх прыгажосць ідзе побач з талентам. Яны здзіўлялі выкананнем арыі з оперы «Князь Ігар», адразу садзіліся на папярочны і падоўжны шпагат, пускаліся ў скокі і нават прыносілі з сабой рукадзелле. Напрыклад, сімпатычныя фігуркі звяркоў, зваленыя з воўны, прымусілі ўміліцца членаў журы – Дзядзю Ваню (Івана Вабішэвіча) і Яўгена Булку. А будучы педагог Вікторыя Андрэева з Оршы захапіла чатыры ўласнаручна вышытыя рушнікі.
– Мне 18, вучуся ў Аршанскім педагагічным каледжы, – усміхаецца Віка. – Чаму ўзяла рукадзелле з сабой? Зразумела, што гэта будзе цікава. Тым больш у вышыўку ўкладзена столькі працы. Каб стаць паспяховай мадэллю, таксама гатова прыкласці ўсе сілы. За мяне хварэюць бацькі і старэйшы брат Уладзіслаў.
Кастынг у будынку дырэкцыі «Славянскага базару» адразу дае магчымасць адчуць сябе зорачкамі, жартуе 21-гадовая Дар'я Урбан з Наваполацка:
– У мяне ёсць досвед удзелу ў конкурсах прыгажосці. Напрыклад, два гады таму была ўдастоена тытула «Міс Наваполацк», а мінулым летам на фестывалі «Viva Braslav» стала «Міс фітнес». За апошні год паставіла сабе высокую планку – строга сачыла за харчаваннем, шмат трэніравалася, і добрая скура, падцягнутае цела не прымусілі чакаць. Разам з тым лічу, што фізічная прыгажосць – гэта дадатак да таго, што ты ўяўляеш сабой як асоба. І такія конкурсы – лакмусавая паперка, якая дае шанец раскрыцца.
Дарэчы, Даша – эканаміст, працуе і працягвае вучобу ў магістратуры Полацкага дзяржуніверсітэта. Знаходзіць час і на захапленні. Шаснаццаць гадоў яна аддала вакальна-харэаграфічнаму ансамблю «Камарыкі». Таму, калі журы папрасіла праспяваць, не стала адпірацца, і зала напоўніў яе моцны пастаўлены голас.
Кастынг атрымаўся нешматлікім, але прадуктыўным, лічыць дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Алена Траіцкая:
– Віцебскія прэтэндэнткі на «Міс Беларусь» – моцныя і годныя ўдзельніцы. Тыпаж у іх крыху іншы, чым у астатніх рэгіёнах, ён больш паўночны, можна сказаць, нардычны. У дзяўчат выдатныя шансы пазмагацца за карону пераможцы. Не будзем забываць, што менавіта віцябчанкі ў свой час прадстаўлялі Беларусь на «Міс свету».
У сярэдзіне сакавіка ў Мінску пройдзе паўфінал конкурсу, які збярэ топ-100 прыгажунь і разумніц з усіх абласцей краіны. Хто з іх стане фіналістам «Міс Беларусь»? Інтрыга працягваецца.