У Віцебску прайшоў конкурс прафмайстэрства сярод будучых кандытараў

В Витебске прошел конкурс профмастерства среди будущих кондитеров

На конкурсе прафмайстэрства прыемна здзівілі сваіх настаўнікаў будучыя кандытары, навучэнцы выпускнога курса Віцебскага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельгасвытворчасці ў пасёлку Акцябрскі. На працягу двух дзён маладыя людзі працавалі над стварэннем з крэму, масцікі, глазуры і іншых кандытарскіх інгрэдыентаў салодкіх шэдэўраў, кожны з якіх мог стаць упрыгожаннем любога святочнага стала.

Журы па вартасці ацаніла арыгінальную кампазіцыю Яніны Калатоўскай з паэтычнай назвай «Элегія» і апетытны вытанчаны выраб у выглядзе пчалінага вулля ад Ксеніі Філончык. Старанні дзяўчат удастоены трэцяга месца. З гумарам падышоў да задання творчы тандэм Вікторый — Блінавай і Карбоўскай (на здымку). Яны «вылепілі» крэмава-бісквітны класны часопіс з імёнамі ўсіх сваіх таварышаў-аднагрупнікаў і за гэта атрымалі другое месца. Самай арыгінальнай прызнана кандытарская кампазіцыя «Закаханыя сэрцы». Яе аўтары — Вадзім Багданаў і Марыя Дзямко, яны і сталі пераможцамі конкурсу.

Госці мерапрыемства, якія не змаглі ўстаяць перад спакусай ацаніць на смак творы юных кандытараў, мелі магчымасць купіць эксклюзіўныя пачастункі, прадстаўленыя на выставе.

Андрэй Захараў, "Віцьбічы"