У Віцебску прайшоў міжнародны турнір "Віцебская сняжынка 2018"

В Витебске прошел международный турнир "Витебская снежинка 2018"
З гарачых Філіпін, з адной з самых маленькіх дзяржаў свету Сан-Марына, Францыі, Люксембурга і іншых далёкіх і блізкіх краін прыехалі ў заснежаны Віцебск бальныя пары, каб паказаць вышэйшы танцавальны клас і зарабіць балы ў свой міжнародны рэйтынг.

Конкурс па спартыўных танцах «Віцебская сняжынка», які прайшоў у Віцебску ўжо ў 33-і раз, заваяваў вялікі аўтарытэт у эліты бальных танцораў. Пра гэта можна меркаваць па прадстаўніцтве і колькасці ўдзельнікаў міжнародных спаборніцтваў Сусветнай арганізацыі танцавальнага спорту (WDSF), якія адбыліся ў рамках віцебскага турніру.

Як патлумачыла старшыня аргкамітэта конкурсу Наталля Тоўсташэва, многія пары, якія сочаць за календаром міжнародных спаборніцтваў, што праходзяць на працягу года ў розных краінах, выбіраюць менавіта «Віцебскую сняжынку».

– Усе ўдзельнікі кажуць пра тое, што ім тут добра, адзначаюць абектыўнае судзейства і цеплыню, якой яны акружаны ў Віцебску, – сказала Наталля Тоўсташэва. – Колькасць замежных пар узрасла дзякуючы магчымасці наведаць Беларусь без візы. Хлопаты, звязаныя з яе атрыманнем, раней былі стрымліваючым фактарам. Сёння ж некаторыя танцоры прыязджаюць не першы раз, напрыклад, абаяльная пара з Філіпін. На сёлетнім турніры яна заняла другое месца ў дарослай катэгорыі сярод выканаўцаў лацінаамерыканскіх танцаў. На першае выйшлі расіяне.

Больш за 30 гадоў запар прыязджае на «Віцебскую сняжынку» суддзя з Літвы Людміла Банкаўскене, якая лічыць гэты конкурс адным з самых прэстыжных не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе. Важна і тое, што яго падтрымліваюць мясцовыя ўлады. У судзейскую каманду ўваходзяць лідары танцавальнага руху ў сваіх краінах, такія, як прэзідэнт Маскоўскай федэрацыі танцавальнага спорту Валерый Гулай, член Міжнароднага савета танца Яўген Гаўрылаў з Санкт-Пецярбурга, які назваў віцебскі турнір адным з топавых у свеце.

– Топавымі лічацца турніры, у якіх удзельнічаюць не менш за 13 краін, «Віцебская сняжынка» збірае прадстаўнікоў больш за 20 дзяржаў. Гэта вельмі высокі ўзровень, – падкрэсліў Яўген Гаўрылаў.

У адкрытым абласным турніры, які праходзіў паралельна з міжнароднымі спаборніцтвамі, прынялі ўдзел пары з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі, Літвы і Латвіі. Узроставая разбежка – ад 4 да 70.

Прыемна, што амаль ва ўсіх катэгорыях выхаванцы віцебскіх клубаў падымаліся на п'едэстал. Як лічыць Наталля Тоўсташэва, гэта сведчыць пра тое, што расце добрае пакаленне, якое ў будучыні зможа годна прадставіць наш горад і на спаборніцтвах міжнароднага рэйтынгу. Пакуль, на жаль, беларускія пары ў такіх паядынках на паркеце альбо прайграюць, альбо наогул не ўдзельнічаюць.

Нягледзячы на тое, што бальныя танцы прызнаны алімпійскім відам спорту, да гэтага часу працягваюцца спрэчкі аб прыналежнасці іх да фізічнай культуры ці мастацтва. Калі за кулісамі сустракаеш танцораў, якія скончылі выступленне, згаджаешся, што гэта спорт. Але седзячы ў зале, прызнаеш, што гэта высокае мастацтва, якое зачароўвае сваёй відовішчнасцю.

Энергічнае ча-ча-ча, эмацыянальныя мамба і джайв, рамантычная румба, чароўнае танга – усяго дзесяць танцаў, якія сталі класікай. Здаецца, нічога не змяняецца шмат гадоў, тыя ж рытмы, рухі, але колькасць прыхільнікаў дадзенага віду спартыўнага мастацтва не памяншаецца. Гэта чарговы раз даказаў віцебскі конкурс, які падарыў жыхарам і гасцям горада сустрэчы з непраходнай прыгажосцю.

"Віцебскія весці".