У Віцебску прайшоў мітынг, прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння генерал-лейтэнанта Івана Лісава

Ураджэнец Віцебска генерал-лейтэнант Іван Лісаў увайшоў у гісторыю ВДВ. Яго называюць дэсантнікам нумар 2. Першы нумар прысвоены яго паплечніку – камандуючаму Паветрана-дэсантнымі войскамі СССР Васілю Маргелаву, намеснікам якога і начальнікам паветрана-дэсантнай службы быў наш зямляк.
Іван Лісаў прыйшоў у авіядэсантны атрад у 1930-я гады, калі такія знаходзіліся на стадыі фарміравання, скакаў з парашутам канструкцыі сістэмы Грохаўскага, з крылаў бамбардзіроўшчыка ТБ-3. Быў знаёмы з дэсантнікамі-піянерамі – Леанідам Міновым і Якавам Машкоўскім.
Менавіта генерал-лейтэнант Іван Лісаў у 1967 годзе прапанаваў увесці для дэсантнікаў новы галаўны ўбор – блакітны берэт (да гэтага ён быў малінавым), які стаў сімвалам крылатай пяхоты. Акрамя таго, Іван Лісаў быў арганізатарам развіцця і ўкаранення масавага парашутнага спорту і спартыўнага арыентавання ў СССР.
Імя нашага зямляка ўвекавечана на скульптурнай кампазіцыі ў гонар віцебскіх дэсантнікаў. На помніку ў парку Пераможцаў выбіты барэльефы генералаў Івана Лісава і Героя Савецкага Саюза Васіля Маргелава.
– Іван Лісаў – легендарная асоба. Ён унёс неацэнны ўклад у станаўленне паветрана-дэсантных войскаў. Быў сапраўдным патрыётам, прыкладам для пераймання маладому пакаленню. На жаль, пакуль горад не аддаў яму належных ушанаванняў. Цяпер мы запаўняем прабел. Абласная арганізацыя «Белая Русь» выступіла з ініцыятывай усталяваць на вуліцы былой Крывой, а цяпер Кутузава, дзе нарадзіўся праслаўлены дэсантнік, мемарыяльную дошку, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.

Памаліцца памяці праслаўленага зямляка прыйшлі ветэраны дэсантных войскаў, вайскоўцы 103-й паветрана-дэсантнай брыгады, навучэнцы кадэцкіх класаў, родныя генерал-лейтэнанта Івана Лісава, гараджане.




У гэты ж дзень у абласной бібліятэцы адкрылася выстава, на якой прадстаўлены кнігі Івана Лісава, прысвечаныя гісторыі стварэння ВДВ, знакамітым дэсантнікам, а таксама навуковыя публікацыі – вучэбныя дапаможнікі для дэсантнікаў.









