У Віцебску прайшоў мітынг-рэквіем у памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны
Гэтая дата – сімвал мужнасці савецкіх воінаў, першымі сустрэўшых ворага на мяжы з Польшчай. Стойкасці народа, які перажыў карычневую чуму. Гераізму радавога і генерала, медсястры і ваеннага урача, дэсантніка, танкіста ці пехацінца, партызана і мірнага жыхара. Кожны трэці беларус папоўніў журботныя спісы загінулых. Кожны чалавек адчуў на сабе ў тыя гады цяжкасці ваеннага ліхалецця.
Сёння, узгадваючы подзвігі ўсяго народа і асобна ўзятых герояў, нельга не адзначыць, што ўсе яны здзяйсняліся ў імя Радзімы, яе светлай будучыні. Людзі, якія апынуліся пад прыцэльным агнём, прагнулі аднаго – міру: сабе, дзецям, унукам і праўнукам. У імя яснага неба змагаліся яны з ворагам, не шкадуючы сіл і ўласнага жыцця.
Крывапраліцце было спынена дарагой цаной. І доўг цяперашняга пакалення – шанаваць, берагчы, захоўваць памяць пра герояў, перадаваць дзецям гісторыі тых часоў. Каб яны не забывалі, чулі з першых вуснаў, як гэта – стаяць тварам да твару з ворагам, глядзець у ствол аўтамата карнікаў, быць амаль жыўцом пахаваным, цудам выжыць, змагацца за жыццё і – перамагчы!
Кажуць, што калі жывая памяць народа, то не паўторыцца бяда. Пакуль хаця б адзін ветэран яшчэ здольны расказаць пра тое, як нялёгка ў баі, якія ахвяры забірае вайна і як хутка растуць дзеці, на чыю долю выпалі выпрабаванні вайной, ніхто не захоча ўзяць у рукі зброю.
Тыя, хто выжыў у Вялікую Айчынную, не могуць без дрыжыкаў успамінаць, як было страшна, голадна, як гублялі родных, сяброў. І хоць нялёгка раз за разам перажываць тыя падзеі, людзі ваеннага пакалення дзеляцца сваімі аповедамі, каб іх Перамога была недарэмнай. Напрыклад, бабуля студэнта Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Аляксандра Зайца, які стаяў у шэрагу тых, хто ўшанаваў памяць загінулых на мітынгу-рэквіеме, у Вялікую Айчынную служыла ў медсанбаце.
– Цяжка, як яна распавядала, было бачыць гібель салдат і афіцэраў, але яшчэ складаней – усведамляць, што нічым не можа дапамагчы паміраючым, – распавёў малады чалавек. – Я лічу, што моладзь абавязана ўсё гэта ведаць і разумець, якія разбурэнні нясе вайна, наколькі яна бязлітасная.
Дзень усенароднай памяці – дата смутку, якая аб'ядноўвае пакаленні і людзей розных прафесій. На воінскіх пахаваннях у скверы герояў Айчыннай вайны 1812 года ўсклалі вянкі прадстаўнікі абл- і гарвыканкама, грамадскіх аб'яднанняў, сілавых структур, праваабаронцы, святары, ветэраны і малалетнія вязні, члены БРСМ. Усе разам аддалі даніну мужнасці і незламальнасці герояў, якія загінулі, адціскаючы ворага з роднай зямлі.
– Гэты своеасаблівы пантэон герояў – месца славы, памяці, можна сказаць, адпраўная кропка, дзе пачалося першае ў вобласці мерапрыемства, – падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. – У гэтую трагічную дату мы ўспамінаем тых, хто без бою не здаў ніводнай памежнай заставы, і аддаём даніну павагі абаронцам беларускай зямлі.
Памятаць пра подзвіг продкаў і берагчы мір – гэтая думка чырвонай ніткай праходзіла праз усе мерапрыемствы, прысвечаныя 79-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай.
"Віцебскія весці", фота Пятра ЧЫМКОЎскага.