У Віцебску прайшоў абласны конкурс па флорыстыцы
Трыснёг навыварат, прычоска з «валосся» кукурузы, валёнкі з бяросты, навагодняя шубка для мышак і пацукоў з «коцікаў» вярбы – усё гэта і многае іншае выкарыстоўвалі ўдзельнікі творчага спаборніцтва аматараў флоры для стварэння арыгінальных кампазіцый. Ім пад сілу рагоз і трапічнае валакно, мантажная пена і саломка. Яны могуць зрабіць калі не лаўровы вянок, то сукенку з лаўровых лісцяў дакладна, а яшчэ – непаўторныя сумачкі з прыродных матэрыялаў.
Дзяўчынкі і хлопчыкі з васьмі раёнаў вобласці, ВАДіМ, а таксама ўстаноў адукацыі абласнога цэнтра дэманстравалі свае ўменні ў складанні фларыстычных кампазіцый, а дарослыя – мадэлі арыгінальных жаночых аксесуараў. У вочным туры ўдзельнічалі 39 школьнікаў ад 10 да 14 гадоў і 15 педагогаў дадатковай адукацыі.
У завочным былі прадстаўлены свае працы тыя ўдзельнікі, якія не змаглі прысутнічаць асабіста. Тут былі і елкі, цацкі і сувеніры з прыроднага і непрыроднага матэрыялу, рэканструяваныя з дапамогай фларыстыкі карціны. А адна навагодняя прыгажуня ў скандынаўскім стылі магла б стаць выдатным рашэннем для дэкору самай моднай гасцінай.
Пераможцаў гэтага цудоўнага конкурсу фантазій вызначалі ў дзвюх намінацыях: для педагогаў — «Стыльная зіма», для школьнікаў — «Сімвал кіруе Новым годам». Пальма першынства сярод дарослых дасталася Святлане Станкевіч (Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі) і Людміле Карчміт (абласны палац дзяцей і моладзі), сярод творчай змены — тандэмам Ангеліны Томілінай і Дар'і Паповай (Паставы), Ксеніі Бурнейка і Анастасіі Умецкай (Бешанковічы).