У Віцебску прайшоў абласны этап рэспубліканскай ваенна-прыкладной гульні «Прарыў»
Абласны этап сабраў у 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе 5 каманд, якія прадстаўляюць ВНУ Віцебска.
Прывітаўшы ўдзельнікаў мерапрыемства, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, па справах моладзі, рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкама Вячаслаў Хрол адзначыў, што сёлета выпрабаванні ваенна-прыкладной гульні «Прарыў» значна складанейшыя, чым былі раней, а таксама падкрэсліў важнасць правядзення падобных мерапрыемстваў у год 80-годдзя Вялікай Перамогі.
– Каб прайсці ўсе выпрабаванні, трэба валодаць незвычайнай цягавітасцю, кемлівасцю, сілай і розумам. Мы верым, што вы зможаце прайсці ўсе этапы, а пераможцы годна прадставяць нашу вобласць на рэспубліканскім этапе гульні ў Гомелі, маладзёжнай сталіцы краіны, – сказаў Вячаслаў Хрол. – Аляксандр Сувораў казаў: «Цяжка ў вучэнні – лёгка ў баі». Таму, праходзячы выпрабаванні, сутыкаючыся з цяжкасцямі, бярыце прыклад з ветэранаў, вайскоўцаў і тых воінаў, якія аддалі жыццё за нашу з вамі свабоду ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Гвардзейскі полк, намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце, начальнік аддзялення ідэалагічнай работы воінскай часці 52287 Аляксей Ізмайлаў адзначыў, што сёння ў студэнтаў ёсць унікальная магчымасць выпрабаваць сябе і прадэманстраваць свае сілы ў падобных спаборніцтвах.
– Калі я вучыўся ў школе і акадэміі, падобныя гульні не праводзіліся. То былі часы развалу Савецкага Саюза. І толькі ў двухтысячных гэтая добрая традыцыя пачала адраджацца. Таму ў нейкай ступені я вам нават зайздрошчу. І хай пераможа мацнейшы!
Старшыня абласной арганізацыі ГА «БСВА» Валяр'ян Мацкевіч і старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Сяргей Дзянісаў падкрэслілі, што рэспубліканская ваенна-прыкладная гульня «Прарыў» праводзіцца другі год. Яна не толькі выхоўвае ваенна-патрыятычны дух, але з'яўляецца паказчыкам таго, што ў Беларусі свята захоўваюць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і ганарацца подзвігамі народа.
Каб стаць пераможцамі камандам-удзельніцам, кожная з якіх складалася з 10 чалавек, неабходна было набраць найбольшую колькасць балаў па выніках пяці этапаў гульні, правільна адказаць на тэставыя заданні ў «Інтэлектуальным турніры». Выпрабаваць сябе на трапнасць, сілу і цягавітасць у этапах «Тактычная стральба», «Снайперскі рубеж» і «Аператар БПЛА», дзе студэнты стралялі ў мішэні, пераносілі скрыні з боепрыпасамі, падымалі гіры, перапаўзалі да ўмоўнага агнявога рубяжа, з дапамогай пульта кіравання БПЛА (беспілотнага лятальнага апарата) і інтэрактыўных ачкоў праходзілі віртуальную трасу.
Самым складаным этапам гульні была «Штурмавая паласа», дзе кожнаму ўдзельніку каманды неабходна было правесці разборку і зборку аўтамата, узвесці абарончае збудаванне, здзейсніць марш-кідок і многае іншае.