У Віцебску прайшоў навучальны семінар па арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў
Метадычны інтэрактыў, які праходзіць два-тры разы на год, аб'яднаў камандзіраў тэрытарыяльных штабаў студатрадаў і штатных работнікаў БРСМ, байцоў студатрадаў, а таксама прадстаўнікоў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў. Семінар з'яўляецца неад'емнай часткай студатрадаўскага руху, асноўная мэта якога – развіццё і павышэнне якасці дзейнасці студэнцкіх атрадаў, навучанне і падрыхтоўка каманднага складу абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Віцебскай вобласці.
Па словах камісара абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Ірыны Алюшынай, у трэцім працоўным семестры на Віцебшчыне плануюць працаўладкаваць больш за 5 тыс. студатрадаўцаў.
Пачаўся семінар з акцыі #Маябойцоўка. Для камандзіраў і камісараў студэнцкіх атрадаў былі пашыты форменныя джынсаўкі, для якіх распрацаваны новыя знакі адрознення — шаўроны, нашыўкі, якія самастойна прышылі на курткі юнакі і дзяўчаты. Для ўдзельнікаў семінара арганізавалі тэматычныя заняткі па асноўных нормах прававой базы і арганізацыі аховы працы, асаблівасцях падатковага заканадаўства і інш. А байцы лепшых студатрадаў краіны – з ПДУ – правялі інтэрактыўную праграму і майстар-клас па камісарскай дзейнасці.
Дарэчы, на сённяшні дзень для працаўладкавання ў студатрадах заяўку падалі звыш тысячы маладых людзей. На дадзены момант усяго ў Віцебскай вобласці працадаўцы прадаставілі для студатрадаўцаў больш за сотню працоўных месцаў.
– Сёлета сфарміраваны атрады для працы за мяжой. Напрыклад, моладзь паўночнага рэгіёну Беларусі адправіцца працаваць у Краснадарскі край ва Усерасійскі дзіцячы цэнтр «Арляня». Усе абавязацельствы па аплаце ПЦР-тэстаў узяў на сябе расійскі бок, – адзначыла Ірына Алюшына. – Атрады да канца яшчэ не сфарміраваны, таму ў тых, хто жадае далучыцца да педагагічнага і сэрвіснага атрадаў, яшчэ ёсць трохі часу.
Юнакі і дзяўчаты таксама будуць задзейнічаны на дарожна-рамонтных работах на трасе М1. Студатрады з ПДУ адправяцца на Усебеларускую маладзёжную будоўлю на БелАЭС. І прыблізна 100 чалавек будуць працаваць на ЗАТ «Атлант», якое летась упершыню прымала на летняе працаўладкаванне віцебскіх хлопцаў. Таму цяпер было прынята рашэнне сфарміраваць па адным атрадзе прыблізна з 20 чалавек ад кожнай ВНУ вобласці.
Як адзначылі на семінары, сёлета да сельскагаспадарчых, вытворчых, будаўнічых, педагагічных, сэрвісных і медыцынскіх далучыцца новы студатрад – археалагічны (са студэнтаў ПДУ), які будзе задзейнічаны на рамонтных працах на моладзевай будоўлі ў Полацкім кадэцкім вучылішчы.
Закранулі тэму і індывідуальнага працаўладкавання 14-гадовых падлеткаў. Так, раённым працоўным штабам рэкамендавана наладзіць кантакт не толькі з кіраўнікамі школ, якія могуць прыцягнуць рабят, напрыклад, да рамонту ўстаноў адукацыі, але і весці канструктыўны дыялог з мясцовымі прадпрыемствамі. Таксама школьнікаў для падсільных ім работ гатовы прымаць лясгасы, у дадатковай рабочай сіле зацікаўлены і сялянска-фермерскія гаспадаркі.