У Віцебску прайшоў рэспубліканскі семінар па пытаннях увекавечання загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў

У мінулым годзе пошукавікі ў Беларусі знайшлі і перапахавалі астанкі 878 загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, паведаміў падчас семінара ў Віцебску начальнік упраўлення па увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў УС полкаўнік Сяргей Варановіч.

Кожныя пяць гадоў у краіне распрацоўваецца спецыяльная дзяржпраграма для увекавечання памяці загінулых. Яна ўключае розныя пункты і задачы, у тым ліку і пошук астанкаў загінулых перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер праходзіць узгадненне адпаведнага дакумента на 2021-2025 гады.

Па словах Сяргея Варановіча, у мінулым годзе вайскоўцы разам з пошукавікамі адпрацавалі 94 месцы, дзе праходзілі баі. Больш за ўсё - у Магілёўскай і Віцебскай абласцях. "У 2020 годзе былі знойдзены і перапахаваныя астанкі 878 чалавек. Па супутніх знаходках удалося ўстанавіць звесткі аб 28 загінулых. Усяго ў мінулым годзе ў аўтаматызаваны банк даных было ўнесена 13 тыс. імёнаў", - распавёў начальнік упраўлення. У гэтым годзе пошукавікі сумесна з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам маюць намер адпрацаваць 147 аб'ектаў.

Сёння зарэгістраваны і дзейнічаюць грамадскія пошукавыя аб'яднанні ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Важная задача на бліжэйшыя гады - павышэнне цікавасці моладзі да пошукавай дзейнасці, прыцягненне яе да гэтай працы. Без прытоку маладых энтузіястаў у гэту сферу пошук і перапахаванне астанкаў чырвонаармейцаў зацягнецца на дзесяцігоддзі.

У Віцебску праходзіць двухдзённы рэспубліканскі вучэбна-метадычны семінар па пытаннях увекавечання загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў. У ім прымаюць удзел гісторыкі, музейшчыкі, супрацоўнікі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, спецыялісты з раёнаў Віцебскай вобласці, прадстаўнікі Міністэрства абароны. Удзельнікі семінара маюць намер абмеркаваць праблемы ва ўвекавечанні памяці загінулых, працы пошукавых атрадаў, калегі падзеляцца вопытам пошуку імёнаў загінулых з дапамогай інтэрнэту.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама сумесна з упраўленнем па увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Выступае в.а. начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Пётр Гнуценка

Камандзір 52 асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна падпалкоўнік Аляксандр Трубяко

БЕЛТА.