У Віцебску прайшоў рэспубліканскі турнір па боксе

В Витебске прошел республиканский турнир по боксу

Завяршыўся І адкрыты рэспубліканскі турнір па боксе, прысвечаны памяці заслужанага трэнера Беларусі А. К. Калчына.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў было сказана шмат прыемных слоў на адрас Анатоля Калчына, які да апошніх дзён свайго жыцця кіраваў нацыянальнай зборнай і за доўгія гады працы здолеў выхаваць не адно пакаленне таленавітых баксёраў. Сярод ганаровых гасцей, якія прыйшлі аддаць даніну памяці заслужанаму трэнеру, былі намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, уладальнік сярэбранага медаля Алімпійскіх гульняў 2004 года і неаднаразовы прызёр еўрапейскіх і сусветных першынстваў Віктар Зуеў, а таксама ўдава Аляксандра Калчына Ларыса Уладзіміраўна.

— Гэта быў вялікі чалавек, перад якім варта схіляцца, — расказаў начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Васіль Захарэвіч. — Таму дадзены турнір павінен стаць традыцыйным і штогод збіраць пад сваімі сцягамі баксёраў з розных краін.

У першых спаборніцтвах, якія адбыліся ў Віцебскім цэнтральным спартыўным комплексе, прынялі ўдзел каля 70 спартсменаў з Беларусі, Літвы, Расіі і Украіны. Сярод моладзі баі праходзілі ў 10 вагавых катэгорыях, сярод мужчын (1995 года нараджэння і старэйшыя) — у 6. Лепшых вынікаў з віцяблянаў дабіліся: Уладзіслаў Каліянц (49 кг), Уладзіслаў Прынцаў (60 кг), Аляксандр Козлаў (81 кг), Сяргей Шарабайка (69 кг), Ягор Гарбуноў (75 кг), Антон Старавойтаў (81 кг) і Мацвей Уласенка (91 кг).

Эдуард Бакевіч, "Віцебскія весці"