У Віцебску прайшоў тэмпавы турнір па шахматах памяці Сяргея Заранко

В Витебске прошёл темпо-турнир по шахматам памяти Сергея Зарянко
«Вяртаем забытыя імёны» – пад такім дэвізам адгэтуль будуць праходзіць усе спартыўныя спаборніцтвы, арганізаваныя абласным саветам ветэранаў, які 14 гадоў прысвячае шахматныя турніры ўраджэнцам Віцебшчыны, што сталі вядомымі на ратным, працоўным ці гуманітарным ніве.

Нядаўні 36-ы абласны адкрыты шахматны тэмпа-турнір, праведзены намаганнямі савета, Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, упраўлення спорту і турызму аблвыканкама, прафсаюза дзяржаўных і іншых устаноў, абутковага холдынгу «Марка», прысвячаўся шырока вядомаму ў XIX ст., а цяпер хіба што знатакам мастаку Сяргею Заранку (1818 – 1870).

Шахматны турнір меў не толькі спартыўныя, але і асветніцкія, выхаваўчыя мэты – нагадаць пра незаслужана забытага земляка, чыя творчасць дагэтуль выклікае захапленне. Апавяданне пра лёс і творчасць Сяргея Заранкі выклікала вялікую цікавасць удзельнікаў і заўзятараў.

Турнір сабраў 104 шахматысты з Віцебска, Наваполацка і 12 райцэнтраў вобласці, Гомеля, Мінска, Жодзіна, а таксама Рудні (Смаленская вобласць РФ). У змешаным турніры ў 10 тураў з кантролем часу 5 хвілін + 3 секунды за ход скрыжавалі шпагі 20 гульцоў з рэйтынгам вышэй за 2000 на чале з міжнародным гросмайстрам Раісай Эйдэльсан. Дарэчы, заслужаны ветэран шахмат не прапускае ніводнага турніру ў Віцебску, калі не ўдзельнічае ў іншых спаборніцтвах, шмат робіць для папулярызацыі старажытнай гульні, інтэлектуальнага развіцця дзяцей і моладзі.

Пераможцам галоўнага турніру стаў аршанскі школьнік, кандыдат у майстры спорту Міжнароднай федэрацыі шахмат Міхей Навуменка, які набраў 9 ачкоў з 10, другім – ветэран, КМС Аляксандр Камека (Віцебск) з 8 ачкамі, трэцім (па лепшым каэфіцыенце) – КМС Андрэй Дзельнік з 7,5 (Віцебск).

Сярод жанчын не было роўных Раісе Эйдэльсан, лідар сярод ветэранаў – Уладзімір Абламскі (Мінск), у аматараў – Сяргей Камісараў (Віцебск), у прадстаўнікоў сельскіх раёнаў – Сяргей Валадзькін (Докшыцы), у школьнікаў – Макар Навуменка (Орша) і Вікторыя Волкава (Віцебск), сярод замежных удзельнікаў — КМС Барыс Пагасян (Рудня). Пераможцам і прызёрам, а таксама тым, хто ўвайшоў у дзясятку лепшых гульцоў, уручаны кубкі, медалі, дыпломы і сувеніры.


Сяргей Канстанцінавіч Заранка – ураджэнец мястэчка Ляды Копыскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Віцебская вобласць). Акадэмік, прафесар Імператарскай Акадэміі мастацтваў Расійскай імперыі. Стварыў серыю партрэтаў членаў царскай сям'і для «Раманаўскай галерэі» ў Эрмітажы, а таксама расійскай знаці. Сярод яго вучняў – пазней знакамітыя рускія мастакі Васіль Пераў, Васіль Пукіраў, Уладзімір і Канстанцін Макоўскія і інш.

Міхаіл ЛЕШЧЫНСКІ, Віцебск.

Фота прадастаўлена абласной арганізацыяй ветэранаў і з адкрытых крыніц.